Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАМЕЖНІКІ ЎМАЦОЎВАЮЦЬ МЯЖУ З УКРАІНАЙ, БАЮЧЫСЯ ЎЦЕКАЧОЎ З УСХОДУ, А ТЫЯ СПАКОЙНА ЕДУЦЬ З РАСЕІ


Казіміер Яноўскі, Гомель

Апошняя група афганскіх нелегалаў была затрыманая пры спробе перасячы беларуска-ўкраінскую мяжу ўжо пасьля тэрарыстычных актаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. 20 уцекачоў з Афганістану меліся патаемна перабрацца ва Ўкраіну ў Ельскім раёне. Зараз ўсе яны знаходзяцца ў абласным цэнтры. Памежнікі высьвятляюць асобы нелегалаў, у тым ліку і на прадмет удзелу іх у баявых дзеяньнях у Чачэніі. У Беларусь афганцы патрапілі з Расеі.

За апошні месяц гэта другая буйная група нелегальных мігрантаў з краіны, дзе амэрыканцы збіраюцца правесці антытэрарыстычную апэрацыю пад назовам “Адплата”. Напрыканцы жніўня памежнікі затрымалі ажно 36 мігрантаў з Афганістану, у тым ліку 9 дзяцей. У складзе групы былі і пяцёра індусаў. Усе яны адпраўленыя назад у Расею.

У сувязі з магчымай новай хваляй уцекачоў гомельскія памежнікі ўзмацнілі ахову мяжы. Распавядае намесьнік камандзіра памежнага атраду, палкоўнік Аляксандар Сулім.

(Сулім: ) “Асаблівасьці аховы мяжы мы надта не раскрываем. Але магу сказаць, што мы дадаткова высылаем памежныя нарады на пэўныя ўчасткі дзяржаўнай мяжы, дзе чакаем ажыўленьня руху незаконных мігрантаў. Узмацняем таксама мяжу тэхнічнымі сродкамі аховы,” – кажа палкоўнік Сулім.

Перасьцярогі памежнікаў не беспадстаўныя. Толькі сёлета імі затрыманы 186 асобаў пры спробе нелегальна перайсці мяжу. Гэта ў два з лішкам разы болей, чымсьці летась. Амаль трэцяя частка затрыманых менавіта афганцы, астатнія – выхадцы з Бангладэш, Індыі, Ірану, Пакістану.

Асаблівы галаўны боль памежнікаў – адкрытая мяжа з Расеяй. І хаця, паводле слоў палкоўніка Суліма, вядзецца даволі інтэнсіўны абмен апэратыўнай інфармацыяй з Фэдэральнай памежнай службай Расеі, але менавіта праз тэрыторыю ўсходняй суседкі нелегалы найчасьцей трапляюць у Беларусь. Таму спадзяваньні ў гомельскіх памежнікаў зьвязаныя яшчэ і з тым, што расейцы будуць спраўна несьці службу на сваіх паўднёвых рубяжах і перакрыюць шляхі нелегальнай міграцыі з Афганістану ў Беларусь.

XS
SM
MD
LG