Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“…І АДНОЙЧЫ ЛУКАШЭНКА ЗРАЗУМЕЕ, ШТО ВЕЧНЫХ ПРЭЗЫДЭНТАЎ НЕ БЫВАЕ…”


Юры Дракахруст, Прага

Было відавочна, што Лукашэнка захавае уладу, – піша Барыс Кагарліцкі, – але куды больш цікавая рэч, – працягвае ён, – гэта цана, заплачаная за перамогу, і тое, што чакае беларускага прэзыдэнта ў наступныя 5 гадоў. На думку расейскага палітоляга эканамічная сыстэма, створаная ў Беларусі, усё больш выяўляе свае недахопы і Аляксандар Лукашэнка патрапляе ва ўсё большую залежнасьць ад расейскіх алігархаў.

“Беларусь імкнецца быць падобнай да “азіяцкіх тыграў” – Таілянду і Малайзіі, але больш яна нагадвае галодную котку,” – піша аўтар Мoscow Times. Паводле ягонай думкі, зьмены ў Беларусі непазьбежныя. Некаторыя заходнія журналісты, – піша Кагарліцкі – параўноўваюць цяперашнюю Беларусь з паркам Юрскага пэрыяду, населеным дагістарычнымі пачварамі. Але гэта ня так, – мяркуе палітоляг, гэтыя істоты разьвіваюцца на нашых вачах. Праўда, паводле ягонай думкі, перамены прыйдуць у Беларусь ня ў выніку перамогі апазыцыі, а ў выніку экспансіі замежнага капіталу. Барыс Кагарліцкі адзначае, што размова ідзе ня толькі пра расейскі, але і пра заходні капітал, які пранікае ў Беларусь праз Расею.

У якасьці ілюстрацыі сваёй думкі Кагарліцкі прыводзіць прыклад расейскага піўнога канцэрну “Балтыя”, які купіў беларускі завод “Крыніца”. Апазыцыя пратэставала супраць гэтай зьдзелкі, разглядаючы яе як продаж беларускай маёмасьці Расеі. Аднак аўтар Мoscow Times заўважае, што кантрольным пакетам самой “Балтыі” валодае швэдзкая піўная кампанія.

Чым больш расейскі капітал пранікае ў Беларусь, тым больш буржуазнаю робіцца беларуская ўладная эліта. У рэшце рэшт, – мяркуе Барыс Кагарліцкі, – расейскі і заходні капітал паспрабуюць паставіць у Беларусі свайго прэзыдэнта, прычым зробяць гэта ў маскоўскім стылі, без дапамогі апазыцыі, знайшоўшы пераемніка Лукашэнку сярод ягонага атачэньня.

Лукашэнка разумее гэта, разумее, што галоўная пагроза ягонай уладзе сыходзіць не ад апазыцыі, а ад ягонага атачэньня, – лічыць аўтар Мoscow Times. Таму ён увесь час ператасоўвае кадры, кожны чыноўнік, які набывае ўласную палітычную вагу, рызыкуе ў лепшым выпадку атрымаць прызначэньне ў глухую правінцыю. Але, – піша Барыс Кагарліцкі, – Лукашэнка ня можа замяніць усю бюракратыю. “Лукойл”, “Сібал”, ІКЕА і Макдональдз ужо прыйшлі, і іх палітычны ўплыў будзе толькі ўзрастаць. І аднойчы Лукашэнка ўсьвядоміць, што вечных прэзыдэнтаў не бывае, – сьцьвярджае аўтар Мoscow Times.


XS
SM
MD
LG