Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АЎТОРАК ВЫЙДЗЕ Ў СЬВЕТ ЧАРГОВЫ НУМАР ГАЗЭТЫ “СВОБОДНЫЯ НОВОСТИ”


Віталь Цыганкоў, Менск

Зьяўленьне газэты ў шапіках "Белсаюздруку" рэдактар "СН" Аляксандар Уліцёнак лічыць вялікай перамогай калектыву рэдакцыі. Нагадаем, што Старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах друку Міхаіл Падгайны днямі ануляваў свой ліст у выдавецтва "Беларускі дом друку", якім раней загадаў спыніць выпуск "Свободных новостей" на няпэўны тэрмін.

Аляксандар Уліцёнак адзначае, што і ў Дзяржкамдруку, і ў выдавецтве з паразуменьнем паставіліся да сытуацыі, якая склалася вакол выданьня.

Зm ініцыятарам канфліктнай сытуацыі, спадаром Атрошчанкам, зараз ніхто ня можа зьвязацца. Якія будуць ягоныя далейшыя крокі, у рэдакцыі нічога ня ведаюць. У любым выпадку, нават калі пачнуцца нейкія судовыя разьбіральніцтвы, газэта будзе выходзіць, заяўляе Аляксандар Уліцёнак. А ці паўплывае на эканамічны стан штотыднёвіка тое, што адзін з заснавальнікаў, бізнэсмэн Атрошчанка, перастане ўдзельнічаць у выпуску газэты.

(Уліцёнак: ) "Сутнасьць канфлікту, акрамя палітычнай падаплёкі, пра якую добра ведаюць слухачы "Свабоды", мае і эканамічны аспэкт. Мы адчуваем за сабой поўнае маральнае права патрабаваць паважлівага стаўленьня да сабе ад такога бізнэсмэна як Атрошчанка, ці няхай бы гэта быў любы іншы.

Сэнс супрацоўніцтва зь ім быў, каб чалавек укладаў грошы – ён сам пра гэта казаў. Але гэты чалавек выдаў нам на два месяцы нейкую сьмешную суму – і гэта была звычайная пазыка. Як мы і дамаўляліся. праз два месяцы мы вярнулі гэтыя грошы спадару Атрошчанку. Такім чынам, гаварыць пра грошы Атрошчанкі і эканоміку "СН", да якой я маю самае непасрэднае дачыненьне, проста сьмешна.

Гэта вам пацьвердзіць любы сябра калектыву. Калі б людзі бачылі, што справа абстаіць па-іншаму, яны б не падтрымалі мяне. А так калектыў "СН" паказаў, што выдатна разумее сытуацыю, бачыць "хто ёсьць who", і робяць адпаведныя крокі. Яны на маім баку".

Пра тое, як паводзіў сабе калектыў газэты ў крызысны для выданьня момант, распавядае аглядальнік "СН" Аляксандр Коктыш.

(Коктыш: ) "Калектыў выявіў сябе абсалютна салідарным з галоўным рэдактарам. У нас быў сход тэхнічных і творчых супрацоўнікаў, на якім мы падвялі папярэднюю рысу. І Ўліцёнак сказаў, што ўсе супрацоўнікі маюць права заставацца ў Атрошчанкі, бо зараз сытуацыя ня лепшая, што ён разумее, што кожны мусіць зарабляць свой кавалак хлеба, ну і гэтак далей.

Але пасьля гэтага сходу амаль аднадушна была вырашана, што ніхто да Атрошчанкі ня пойдзе".

Рэдакцыя спадзяецца аднавіць звычайны графік выпуску газэты –наступны яе нумар павінен, як заўсёды, выйсьці ў пятніцу.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG