Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПАНСІЯ РАСЕЙСКАГА КАПІТАЛУ Ў БЕЛАРУСЬ: ПРЫЧЫНЫ І НАСТУПСТВЫ


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Станіслаў Багданкевіч, Андрэй Махоўскі

(Дракахруст: ) “Сёлета назіраецца адкрытая экспансія расейскага капіталу ў Беларусь. Піўны канцэрн “Балтия” купляе завод “Крыніца”, “Сибал” на чале з Алегам Дзерыпаскам нацэльваецца на МАЗ, “Лукойл”, кіраваны Вагітам Алекперавым, хоча купіць “Нафтан”. Адна з прычынаў такой актыўнасьці відавочная – выбары. Аляксандар Лукашэнка меў пільную патрэбу ў грошах і можа нават большую – у жэстах падтрымкі з боку расейскага бізнэсу. Выбары прайшлі. Ці захаваецца гэтая экспансія, ці будзе яна даведзеная да ўзроўню зьдзелак? Чым з расейскага боку абумоўленая такая зацікаўленасьць у беларускіх прадпрыемствах? Сп-р Багданкевіч, як Вы мяркуеце?

(Багданкевіч: ) “Я заўсёды быў прыхільнікам адкрытай і свабоднай эканомікі. Таму я прыхільнік прыватызацыі, у тым ліку і з удзелам замежнага капіталу, і я ня бачу праблемы, калі гэты капітал будзе і расейскім. Але я бачу праблему у іншым. Лукашэнку вельмі актыўна падтрымлівалі на выбарах і Лужкоў, і Якаўлеў, і Прымакоў, і іншыя расейскія палітыкі, і Лукашэнка, відаць, гатовы расплочвацца за гэтую падтрымку маёмасьцю Беларусі. Калі б гэтая прыватызацыя ішла на канкурэнтнай аснове, з шырокім удзелам заходніх інвэстараў, гэта было б карысна для эканомікі Беларусі. Аднак пры адсутнасьці незалежнага парлямэнту, незалежнай судовай улады, пры наяўнасьці дыктатуры гэта будзе “прыхватызацыя” нашай маёмасьці расейскім капіталам”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Багданкевіч, я б хацеў пачуць Вашае меркаваньне наконт таго, чым абумоўленая зацікаўленасьць расейскага бізнэсу ў беларускіх прадпрыемствах. Раней расейскія бізнэсоўцы нібыта не праяўлялі такой актыўнасьці. Ці я памыляюся?”

(Багданкевіч: ) “Раней яны сапраўды не праяўлялі такой актыўнасьці. Я хачу дадаць, што такая ж актыўнасьць праяўляецца зараз у банкаўскай сфэры. Гатовыя купіць некаторыя нашыя камэрцыйныя банкі, прычым замахваюцца на нашыя найбуйнейшыя банкі. Гэта зьвязана з тым, што Лукашэнка аслаблены, і расейскі капітал лічыць, што ён будзе танцыць пад яго дудку і ўводзіць свабоду для прадпрымальніцтва, але толькі для расейскага прадпрымальніцтва на шкоду іншаму. Акрамя таго, ня трэба забываць, што прафсаюзы ў Беларусі слабыя, народ працаздольны, і магчымасьці ўкладаньня капіталу на прыбытковай аснове цалкам рэальныя”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Махоўскі, а якое Вашае меркаваньне – чым абумоўленая такая зацікаўленасьць расейскага бізнэсу ў беларускіх прадпрыемствах?”

(Махоўскі: ) “Зацікаўленасьць расейскага капіталу ў Беларусі, у беларускай уласнасьці, была і раней. Але раней Лукашэнка мог нейкім чынам супрацьдзейнічаць пранікненьню расейскага бізнэсу. Зараз Лукашэнка палітычна аслаблены і ён вымушаны выконваць тыя ўмовы, якія былі выстаўленыя ў абмен на падтрымку з боку Расеі на гэтых выбарах. Трэба таксама ўлічваць, што абраньне Лукашэнкі прэзыдэнтам не прызнанае на Захадзе. І зараз у яго засталося вельмі малое поле для манэўру – гэта толькі Расея. І, відавочна, ён вымушаны будзе выконваць тыя ўмовы, якія вылучае Расея”.

(Дракахруст: ) “Пэўны час таму Вы, сп-р Багданкевіч, казалі, што можа хаця б Расея ўцягне Беларусь у рынак. Наколькі верагодна, што пераход некаторых беларускіх прадпрыемстваў пад расейскіх алігархаў сапраўды падштурхне рынкавыя рэформы?”

(Багданкевіч: ) “Я мяркую, што ў абмежаванай ступені гэта будзе стымуляваць разьвіцьцё эканомікі Беларусі на рынкавай аснове. Але толькі ў пэўнай ступені, бо мы ведаем, што Лукашэнка ў пэрыяд, прыкладам, пасяўной кампаніі, уборачнай ці ў іншых выпадках абкладаў незаконым аброкам у тым ліку і замежных уласьнікаў, сумесныя прадпрыемствы. Ён уплішчваецца ў кадравую палітыку гэтых кампаніяў. Я ня думаю, што Лукашэнка стаў больш цывілізаваны і разумны. Ёсьць надзея, што расейскі капітал ня будзе цярпець такое свавольства. Але без усталяваньня ў нас вяршэнства закону наўрад ці гэта дасягальна ў поўнай меры”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Махоўскі, а наколькі Вам падаецца рэальнаю пэрспэктыва, што расейскі капітал, прыйшоўшы ў Беларусь, падштурхне рынкавыя рэформы?”

(Махоўскі: ) “Тут трэба глядзець на тое, наколькі сам гэты капітал будзе зацікаўлены ў рэформах. Ня трэба забываць, што для расейскіх бізнэсмэнаў, якія прыходзяць у Беларусь, гэта ўсё ж такі чужая краіна. І іх зацікаўленасьць абмежаваная выключна прыбыткамі і выгадаю. І тут ім могуць спатрэбіцца ня столькі рэформы, колькі кантралюемасьць эканомікі. Калі гэтыя бізнэсоўцы будуць мець нейкія ільготы ў параўнаньні з беларускім бізнэсам, то рэформы ім і ня надта патрэбныя. Гэта па-першае. А па-другое, трэба глядзець, які расейскі капітал ідзе ў Беларусь. Алег Дзерыпаска, якому ўжо, фактычна, прадаюць МАЗ – гэта не вытворца, гэта фінансіст. Нават беларускі ўрад некалькі разоў папярэджваў прэзыдэнта, што Дзерыпаска ня будзе праводзіць мадэрнізацыю на прадпрыемстве. МАЗ патрэбны яму для фінансавых спэкуляцыяў – гэта можа быць, напрыклад, закладная маёмасьць ці нешта іншае. Не ўдаючыся ў тонкасьці фінасавых схемаў, можна сказаць, што Дзерыпаска купляе МАЗ, каб з прыбыткам яго перапрадаць”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Махоўскі, на якой ступені знаходзяцца перамовы паміж расейскімі бізнэсоўцамі і беларускім урадам наконт асноўных прадпрыемстваў, прыкладам, па МАЗу і “Нафтану”? І яшчэ адно пытаньне: у друку прамільгнула інфармацыя, што Алег Дзерыпаска, пакупнік МАЗу, назваў гэтае прадпрыемства “хламам”. Дык навошта купляць “хлам?”

(Махоўскі: ) “Я спачатку адкажу на апошняе пытаньне. Алег Дзерыпаска купіў такі ж “хлам” у Расеі – гэта Яраслаўскі завод рухавікоў. Купіўшы яго, Дзерыпаска атрымаў магчымасьць паставіць надзвычай жорсткія ўмовы МАЗу. 90 % рухавікоў МАЗ атрымлівае менавіта з Яраслаўскага заводу. Дзерыпаска можа называць МАЗ хламам, але гэтае прадпрыемства мае вялікую долю на рынку цяжкаважных аўтамабіляў у Расеі і іншых краінах СНД. І атрымаўшы гэты завод, Дзерыпаска зможа кантраляваць гэтыя рынкі. У яго плянах – стварэньне імпэрыі па вытворчасьці цяжкаважных аўтамабіляў. Ён казаў пра гэта на перамовах з беларускім ўрадам. Што тычыцца перамоваў, то па МАЗу, наколькі я ведаю, пытаньне ўжо, практычна, вырашанае. Зараз абмяркоўваецца канкрэтна, які пакет акцыяў будзе прададзены Дзерыпаску. І можна з упэўненасьцю сказаць, што гэта будзе кантрольны пакет. Пра гэта ўжо гаворыцца афіцыйна. Што тычыцца “Нафтану”, то тут становішча больш складанае, тут беларускі ўрад можа лявіраваць паміж рознымі расейскімі бізнэс-структурамі, і тут перамовы знаходзяцца яшчэ на самым пачатку”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG