Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ЯРМОШЫН ДАГЭТУЛЬ НЯ ВЕДАЕ, ЦІ ЗАСТАНЕЦЦА ПРЭМ'ЕРАМ


Юры Сьвірко, Менск

На сёньняшнім паседжаньні прэзыдыюму Савету Міністраў Аляксандар Лукашэнка абвесьціў, што гэты прэзыдыюм ужо вызначаны й складаецца з 11 чалавек, якія ўсе прысутнічалі ў залі паседжаньня. Сярод іх быў і ранейшы прэм'ер-міністар Уладзімер Ярмошын, пра прызначэньне якога спадар Лукашэнка не сказаў нічога. Пазьней Лукашэнка заявіў, што "не выключае" прапанову менавіта Ярмошына на зацьверджаньне прэм'ерам, аднак дадаў, што гэта можа быць "і іншы чалавек".

У Савеце Міністраў кажуць, што гэта выклікана юрыдычнымі абставінамі. Указ аб прызначэньні прэм'ер-міністра звычайна падпісваецца пасьля таго, як сваю згоду дасьць "палата прадстаўнікоў". Калі Аляксандар Лукашэнка звольніў папярэдняга прэм'ера Сяргея Лінга, дык Уладзімер Ярмошын быў прызначаны выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўраду, і толькі пасьля згоды "палаты" стаўся паўнавартасным прэм'ер-міністрам.

Цяпер спадар Ярмошын таксама выконвае абавязкі прэм'ера — паводле падпісанага ў пятніцу ўказу, — а сэсія гэтак званага Нацыянальнага сходу распачнецца 2 кастрычніка.

Аднак ужо вядомыя ўсе 4 віцэ-прэм'еры (раней намесьнікаў кіраўніка ўраду было 8). Два пайшлі на падвышэньне з намесьнікаў старшыняў абласных выканкамаў: зь Менскага — Уладзімер Дражын, які будзе адказваць за сацыяльную сфэру, і з Гомельскага — Сяргей Сідорскі, які зоймецца прамысловасьцю й будаўніцтвам.

Двое віцэ-прэм'ераў засталіся ранейшыя: Андрэй Кабякоў, які дагэтуль быў першым намесьнікам старшыні Савету Міністраў, і Аляксандар Папкоў, які адказваў за сельскую гаспадарку.

Сярод тых, хто згубіў пасаду віцэ-прэм'ера, — Валеры Кокараў і Генадзь Навіцкі, ранейшыя куратары паліўна-энэргэтычнага й будаўнічага комплексаў. Былы віцэ-прэм'ер Міхаіл Хвастоў захаваў толькі адну пасаду — міністра замежных справаў. Засталіся міністрамі Ўладзімер Шымаў (эканомікі) і Мікалай Корбут (фінансаў). Кіраваць Нацыянальным банкам будзе зноў Пятро Пракаповіч.

Новым кіраўніком мытнага ведамства стаў Аляксандар Шпілеўскі, які дагэтуль быў Лукашэнкавым памочнікам па Менску й цяпер вымушаны будзе пайсьці з "палаты прадстаўнікоў", а міністрам гандлю й паслугаў будзе яшчэ адзін былы памочнік і экс-кіраўнік Магілёўшчыны Аляксандар Кулічкоў.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, напалову скарочаная колькасьць міністэрстваў, а таксама будуць скасаваныя ўсе дзяржаўныя камітэты. Ці датычыць гэта й Камітэту дзяржаўнае бясьпекі, невядома — пра ўсіх сілавых міністраў нічога не паведамляецца.

Але дакладна скарачаюць Дзяржаўны камітэт у справах друку, які пераўтворыцца ў Міністэрства інфармацыі. Яно будзе кіраваць і дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй, хаця, як падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка, "ідэалягічныя моманты яе працы будзе вызначаць адміністрацыя й асабіста прэзыдэнт".

Спадар Лукашэнка заявіў, што з 21 камітэту пры міністэрствах будзе зроблена толькі 7 і пры Савеце Міністраў, а міністар стане галоўнай фігурай ва ўрадзе. Замест ранейшых 60 сяброў ураду будзе толькі 38. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, апарат Савету Міністраў будзе пазбаўлены ўсіх уладных паўнамоцтваў, а скарачэньне колькасьці ведамстваў сьведчыць пра "дэбюракратызацыю ўраду — ён будзе працаваць больш эфэктыўна".

З просьбай пракамэнтаваць гэтыя Лукашэнкавы заявы я зьвярнуўся да былога прэм'ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча:

(Кебіч: ) "Я лічу, што гэта правільна. Навошта патрэбная Беларусі такая колькасьць міністэрстваў?"

(Карэспандэнт: ) "А якая аптымальная колькасьць — на вашу думку?"

(Кебіч: ) "На мой погляд, гэта мусіць быць... У нас сёньня іх недзе пад трыццаць... Любая менш за палову", — сказаў Вячаслаў Кебіч, галоўны канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі на першых прэзыдэнцкіх выбарах і апошні кіраўнік ураду дапрэзыдэнцкае Беларусі.

Цяпер спадар Кебіч ёсьць дэпутатам "палаты прадстаўнікоў", якая мусіць зацьвярджаць прэм'ер-міністра. Калі ж гэта адбудзецца?

(Кебіч: ) "Паводле палажэньня, гэта мусіць быць пасьля таго, як прызначаны выканаўцам абавязкаў, цягам двух тыдняў. Але я думаю, што гэта будзе 2-га або 3-га, паколькі сэсія пачынаецца 2-га".

(Карэспандэнт: ) "Вы думаеце, што будзе Ярмошын прадстаўлены?"

(Кебіч: ) "Не, я ня ведаю. Я не магу сказаць, што Ярмошын застанецца. Усялякае можа быць".

(Карэспандэнт: ) "Нехта іншы разглядаецца ці не?"

(Кебіч: ) "Разглядаецца".

(Карэспандэнт: ) "Мясьніковіч можа быць прэм'ер-міністрам?"

(Кебіч: ) "Ну, гэта было б тады насуперак усялякай лёгіцы," — зазначыў Вячаслаў Кебіч, у якога Міхаіл Мясьніковіч у свой час быў першым намесьнікам і кіраўніком перадвыбарчага штабу.

XS
SM
MD
LG