Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ ЛОРД РАССЭЛ ДЖОНСТАН: ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСІ СФАЛЬШАВАНЫЯ


Валер Каліноўскі, Страсбург

Чакаецца, што з дакладам аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі выступіць сябра бэльгійскага парлямэнту Стэфан Горыс, які ўзначальваў дэлегацыю назіральнікаў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на гэтых выбарах. Сёньня ён ужо агучыў сваю ацэнку выбараў у Беларусі на паседжаньні фракцыі любэралаў, дэмакратаў і рэфарматараў. На думку спадара Горыса, выбары ў Беларусі не былі ні вольныя, ні справядлівыя. Яны не адпавядалі стандартам Рады Эўропы, але ён выступае супраць палітыкі ізаляцыі Беларусі ў сувязі зь іх вынікам. Выказаў сваю ацэнку прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і старшыня Парлямэнцкай асамблеі рады Эўропы лорд Рассэл Джонстан. Вось што ён сказаў у інтэрвію для Беларускай службы Радыё Свабода:

(Джонстан: ) “Мы ўвогуле пагаджаемся, што сп. Лукашэнка… – колькі ён атрымаў, 75%? – няблага, ня ўпэўнены, што я сам ніколі столькі не набіраў… Няма ніякага сумневу ў тым, што выбары былі сфальшаваныя. Вельмі дрэнным было стаўленьне да СМІ, і вельмі дрэнным было стаўленьне да апазыцыі. Я думаю, нам трэба пераацаніць эфэктыўнасьць таго, што мы робім у дачыненеьні да Беларусі. Я ведаю, што ёсьць такі намер – правесьці пераацэнку ў Палітычным камітэце і прыняць рашэньне, ці працягваць тое, што мы рабілі, і надалей, альбо нейкім чынам зрабіць перамены. Не хачу прадказваць. Лічу цалкам слушным, каб Палітычны камітэт адразу пасьля выбараў перагледзеў свае пляны”.

Цяпер у Страсбургу знаходзяцца дзьве беларускія дэлегацыі – ад так званай “палаты прадстаўнікоў” і ад Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Першую ачольвае Ўладзімер Канаплёў, зь якім прыехалі Ўладзімер Навасяд і Андрэй Лосеў. У складзе апазыцыйнай дэлегацыі зь Беларусі ў Страсбург прыбылі Анатоль Лябедзька, Алена Скрыган і Яраслаў Раманчук. Гаворыць кіраўнік дэлегацыі ад Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Сёньня ў парадку дня было спэцыяльна беларускае пытаньне, было абмеркаваньне вынікаў кампаніі, якую мы называем “прэзыдэнцкія выбары”. Выступаў спэцыяльны дакладчык, прадстаўнік Бэльгіі, які схільны да значнага зьмякчэньня адносінаў да Беларусі. Ён узначальваў дэлегацыю назіральнікаў Рады Эўропы. Пасьля гэтага была магчымасьць выступіць нам і спадару Навасяду. Самае галоўнае, што мы адзначылі, гэта далі ацэнку таму, што адбылося. Для нас – гэта ня выбары. Такія ацэначныя катэгорыі ня могуць прымяняцца да таго, што адбывалася 9 верасьня ў Беларусі. Таму што апазыцыя не магла ні выйграць, ні прайграць, бо ўсё задумвалася як фарс, як прызначэньне Лукашэнкі на новы тэрмін. Што датычыць зьмены ці ўдакладньненьня адносінаў на пэрспэктыву, дык пакуль што мы пачулі тое, што нас якраз задавальняе, – што трэба разьвіваць кантакты з грамадзянскай супольнасьцю (гэта адпавядае нашаму падыходу). Адзінае, і мы тут вельмі жорстка выказаліся, і падалі гэта ня толькі як пазыцыю Вярхоўнага Савета, але і шырокай грамадзянскай кааліцыі, што ня можа на гэтым этапе быць ніякіх кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам, асабіста зь ім”.

Анатоль Лябедзька плянуе сустрэцца з кіраўніцтвам Рады Эўропы, у палітычных фракцыях і на паседжаньні палітычнага і юрыдычнага камітэтаў ПА, а таксама са шматлікімі палітыкамі – усяго каля 20 сустрэчаў.

Ня меншыя пляны і ў афіцыйнай дэлегацыі. Гаворыць Уладзімер Канаплёў:

(Канаплёў: ) “Я мяркую, што сваёй працай у студзені, красавіку, ліпені і зараз, на верасьнёўскай сэсіі Парляменцкай асамблеі мы дамагліся рэальнай прысутнасьці і ўдзелу ва ўсіх камітэтах і групах. Гэта вельмі важна. Наступны этап – гэта атрыманне статусу спецыяльна запрошанага. Для гэта ў нас ёсць усе магчымасці, у тым ліку дэмакратычна праведзеныя прэзыдэнцкія выбары. Многія эўрапейскія парлямэнтарыі гэта разумеюць, думаю, што статус спэцыяльна запрошанага неўзабаве мы атрымаем”.

Канаплёў мяркуе, што ніякіх дыскусіяў з нагоды беларускіх выбараў тут ня будзе, маўляў, і так усё ясна. Калі ж для парлямэнту Беларусі будзе адноўлены статус спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, Уладзімер Канаплёў прагназаваць не бярэцца. А вось на думку Анатоля Лябедзькі гэта ў бліжэйшай і сярэдняй пэрспэктыве зусім нерэальна, пакуль ня выкананыя тыя ўмовы для вяртаньня статусу адмыслова запрошанага, якія былі пастаўленыя яшчэ летась.


XS
SM
MD
LG