Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭДАКТАР “ПАГОНІ” МІКОЛА МАРКЕВІЧ: НАМ ДЛАІ ЗРАЗУМЕЦЬ, ШТО АДНОСНА ГАЗЭТЫ ІСНУЕ ЗАГАД ЗЬВЕРХУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Пракуратура сканфіскавала кампутары рэдакцыі і наклады двух нумароў: 5-га і 12-га верасьня. Маркевічу далі зразумець, што адносна газэты існуе загад зьверху. Вось што ён сам гаворыць аб сустрэчы з кіраўніком аблвыканкаму:

(Маркевіч: ) "Сёньня адбылася ў нас сустрэча са старшынём аблвыканкаму спадаром Саўчанкам. Яна доўжылася паўтары хвіліны. Я яшчэ раз зрабіў спробу ўказаць яму на тое, што дзеяньні вакол "Пагоні" абсалютна неадэкватныя і незаконныя. Мне было ў чарговы раз сказана, што ён ня мае да іх дачыненьня. На працягу кароткага часу ён гэта ўсё абвесьціў, паціснуў руку і, як у старых савецкіх фільмах, сказаў: "Працуйце далей".

У суботу рэдактара "Пагоні" тэрмінова выклікалі ў пракуратуру. Маркевічу выдалі папярэджаньне з нагоды дзьвюх нататак у 36-м нумары. Нумар, які быў сканфіскаваны ў друкарні. Па факту публікацыі гэтых нататак і распачалі крымінальную справу аб паклёпе на прэзыдэнта.

Галоўны рэдактар лічыць, што папярэджаньне — гэта ня толькі спроба ўціску на яго, але ўскосна таксама і на Вышэйшы гаспадарчы суд. У ім 27-га верасьня павінна разглядацца справа аб закрыцьці газэты. Ініцыятар закрыцьця — зноў жа абласная пракуратура.

З другога боку, ці ня можа крымінальная справа закончыцца толькі папярэджаньнем? Сёньня ж Маркевіч наведаў начальніка сьледчага аддзелу абласной пракуратуры Станіслава Бруніна. Пасьля гутаркі зь ім у галоўнага рэдактара склалася ўражаньне, што сьледчыя маюць намер давесьці справу да канца, да суда. Хаця газэта з паклёпам, нават калі ён і быў у публікацыях, не распаўсюджвалася, і яе ніхто не чытаў. Паколькі наклад арыштавалі ў друкарні.

XS
SM
MD
LG