Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎДЗЕЛЬНІКІ АФГАНСКАЙ ВАЙНЫ ПА-РОЗНАМУ БАЧАЦЬ СЦЭНАР ВАЙСКОВАЙ АПЭРАЦЫІ


Ігар Карней, Менск

Адзін з найбольш дасьведчаных у Беларусі экспэртаў у афганскай праблеме — генэрал-палкоўнік Пётар Чавус. Некалькі гадоў ён быў дарадцам кіраўніка Генэральнага штабу ў Афганістане. Сёньня наконт Афганістану ён лічыць гэтак: калі людзі дзясяткі гадоў ня ведаюць мірнага жыцьця, то й чалавечае жыцьцё для іх нічога не каштуе.

(Чавус: ) "Паўтараць памылкі шкодна ўсім. Таму паўтарэньня памылак ня будзе, а будзе нешта зусім новае. Але сам мэханізм да канца яшчэ не акрэсьлены. Мяркую, што зараз будзе пошук вінаватага. Дзеля гэтага выкарыстаюць паветраныя ды ракетныя ўдары, бо йдуць перамовы пра аэрадромы "падскоку", якія, ня выключана, прадаставяць сярэдняазіяцкія дзяржавы.

Зараз мэта — уцягнуць у апэрацыю найбольш людзей, дзяржаваў. А гэта няпроста. Калісьці разам з душманамі амаль на роўных ваяваў Пакістан. Сёньня Пакістан войскі не пашле, хоць добраахвотнікі пойдуць: пуштуны аднолькавыя ўсюды.

І яшчэ: пакуль амэрыканцы за галаву бін Ладэна ўздымаюць суму ўзнагароды, значыць, яшчэ ня ўсё гатова, каб распачаць апэрацыю. Яны ведаюць, што ён "у прынцыпе" у Афганістане, але ў гарах ён можа адчуваць сябе зусім нядрэнна".

Вядомы мастак Алесь Пушкін цягам двух гадоў, з 1984-га да 1986-га, служыў у верталётным палку ў Кундузе, што на тэрыторыі Паўночнага Афганістану. Пра маючыя адбыцца "ўдары помсты" мае наступнае меркаваньне.

(Пушкін: ) "Захапіць Афганістан няцяжка. Бо Афганістан ужо ня той, што быў у 1979-м годзе. Краіна аслабленая 10-гадовай савецкай акупацыяй ды ўнутранымі рэлігійнымі войнамі. Людзі даўно стаміліся.

Таму калі амэрыканцы будуць праводзіць тактыку рэйдаў, захопу і ўтрыманьня аэрадромаў і асабліва — подкупу (талібы — найбяднейшая і найменш адукаваная частка афганскіх пуштунаў), то плён будзе. Але канечне, яны спазнаюць тое, што й мы. Гэта — ракетныя абстрэлы аэрадромаў, мноства нязвыклых для эўрапейцаў хваробаў. А бліжэй да зімы — і немажлівасьць паветраных апэрацыяў, калі пачнуцца суцэльныя густыя туманы".

(Карэспандэнт: ) "Алесь, усе ведаюць, што па сутнасьці вы — пацыфіст. Але тэарэтычна ці можна разглядаць ваш удзел у падобным канфлікце?"

(Пушкін: ) "Я разумею тэракты супраць Амэрыкі як вайну бедных і багатых. Не павінен быць такі сацыяльны адрыў. Удзельнічаць у супрацьстаяньні цывілізаванага сьвету і найбяднейшых радыкальных людзей мне не да твару. Я займаюся мастацтвам, думаю пра лёс Беларусі, але толькі ў рэчышчы мірнага, негвалтоўнага шляху. Нельга камусьці сымпатызаваць, бо ў нечым ня мае рацыі ніводзін з бакоў".

Праваабаронца Сяргей Аніська быў прызваны лейтэнантам роўна 20 гадоў таму. Служыў у 58-й аўтабрыгадзе непасрэдна ў Кабуле.

(Аніська: ) "Злучаныя Штаты наўрад ці пойдуць на буйнамаштабную апэрацыю, зьвязаную з уваходам падразьдзяленьняў на тэрыторыю Афганістану. Будзе гаворка пра нейкую лякальную апэрацыю, у якой будуць задзейнічаныя нешматлікія войскі адмысловага прызначэньня. Мэта пры гэтым будзе адна: выкраданьне бін Ладэна, альбо зьнішчэньне базаў, дзе рыхтуюцца баявікі. Адсюль, мяркую, будуць і мінімальныя людзкія страты. Не таму, што будзе добра падрыхтаваная апэрацыя з боку ЦРУ, а таму, што будзе задзейнічаная малая колькасьць людзей".

Сяргей Аніська ўпэўнены, што амэрыканцам удасца пазьбегнуць шэрагу памылак савецкага кіраўніцтва. Найперш, такога вайсковага кантынгенту Злучаныя Штаты ў Афганістане трымаць ня будуць. А гэта ўжо засьцярога ад крывавых канфліктаў зь мірным насельніцтвам.

(Аніська: ) "Такога досьведу ня будзе. Амэрыканцаў вельмі прыгнятае цяжар віетнамскай вайны. А тут геаграфічныя ўмовы яшчэ больш складаныя для шырокамаштабных баявых дзеяньняў. Горы перашкаджаюць выкарыстаньню высокадакладнай зброі і баявой тэхнікі. У гарах выключную ролю набывае людзкі фактар. І калі кажуць пра высокадакладныя бомбы, якія літаральна "рэжуць" скальныя ўчасткі, я гэтаму ня веру".

Відавочна, што пацьвердзіць слушнасьць прагнозаў, якіх зараз багата ва ўсім сьвеце, будзе магчыма толькі з пачаткам апэрацыі ў Афганістане.


XS
SM
MD
LG