Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ЗЬЯВІЛІСЯ КРЫЖЫ, АБРАЗЫ І ПЛЯКАТЫ


Ганна Соусь, Менск

Гаворыць намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) "Наша грамадзтва трэба выцягваць з гэтай багны. На жаль, самая вялікая бяда — што інтэлігенцыя маўчыць. Яна прыгнечаная. І таму я адрасаваў бы свае словы перш-наперш інтэлігенцыі. Вы ёсьць элітай нацыі, мозгам нацыі, вы — дух нацыі. Прыйдзіце першыя на гэтае месца ў Курапаты. Выкладчыкі ўнівэрсытэтаў, настаўнікі ў школах, кіраўнікі вытворчасьці, ідзеце сюды, прывядзеце людзей, пакажыце прыклад. Вось з гэтага пачынаецца абуджэньне й адраджэньне народу".

Студэнт-гісторык Павал Космач учора прымацоўваў да дрэваў, якія зьбіраюцца высячы, абразы і плякаты з надпісам "Курапаты. Тут загінула 200 тысяч чалавек".

(Космач: ) "Тут зьнішчаецца ўрочышча, у якім было забіта больш за 200 тысяч беларусаў. У асноўным гэта была беларуская інтэлігенцыя, сяляне з Усходняй і Заходняй Беларусі, якія супраціўляліся калектывізацыі. Мы зараз імкнемся з дапамогай, можа, сымбалічных вобразаў, надпісаў выратаваць гэтае ўрочышча, уплываючы на падсьвядомасьць тых людзей, якія тут працуюць. Усё ж гэтыя людзі — беларусы, яны павінны паважаць сваіх продкаў, якія тут загінулі. Тут больш за некалькі соцень тысяч расстраляна, гэта могуць быць чые заўгодна сваякі, бо з усёй Беларусі сюды звозілі людзей".

Гаворыць намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Мы прапануем людзям прыходзіць сюды кожны дзень, каб супрацьдзейнічаць гэтаму гвалту. Закопваць памяць, закатваць яе асфальтам — гэта проста жах. Зараз з панядзелка мы пачынаем кожны дзень падаваць заяўкі на пікеты супраць Савету Міністраў. Мы разумеем, што яны нам будуць ізноў даваць пікетаваць толькі на плошчы Бангалёр, але мы будзем настойліва патрабаваць каля Савету Міністраў пікеты ў абарону Курапатаў, у абарону нашай сьвятыні й памяці. Мы спадзяемся, што ўсё ж грамадзтва падымецца ў абарону Курапатаў".

Даволі цікавую прапанову выказала Ангеліна Масюта:

(Масюта: ) "Можа, лепей гэты ўчастак дарогі не пашыраць і пакінуць яго такім жа вузкім. Можа, лепей, каб кіроўцы аўто проста прыпынялі тут рух — 40 кілямэтраў альбо 60. Яны павінны ведаць, што, калі пашырыцца дарога, то яны будуць наогул ехаць па могілках. Хачу зьвярнуцца праз Радыё Свабода, каб да нас далучыліся ня толькі людзі, якія ходзяць пешшу, але й тыя, хто езьдзяць на аўто, тыя, хто непасрэдна будзе езьдзіць па гэтай дарозе".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG