Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ШКЛОВЕ ДА СТРАТЫ ПРЫТОМНАСЬЦІ ЗЬБІЛІ ЖУРНАЛІСТА


Аляксандар Сердзюкоў, Шклоў

Журналіст вяртаўся дахаты, і ў поцемках невядомыя ударылі яго некалькі разоў у твар. Калі Аляксандар Шчарбак паваліўся на зямлю, яго білі нагамі — як ён кажа, нейкім цьвёрдым прадметам. Невядомыя зьбеглі, як спадар Шчарбак страціў прытомнасьць. Зараз ён ня можа выходзіць з кватэры, бо ў яго моцна пабітыя твар, галава, рэбры.

Шклоўскі журналіст лічыць, што гэта была сплянаваная акцыя, выкліканая ягонай журналісцкай дзейнасьцю. Як вядома, сацыял-дэмакрат Аляксандар Шчарбак уваходзіў у склад ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка, а падчас прэзыдэнцкай кампаніі падрыхтаваў некалькі нумароў газэты "Шклоўскія навіны".

Незадоўга да нападу ў Шчарбака паводле вядомага дэкрэту №8 канфіскавалі аргтэхніку і гэтак пазбавілі магчымасьці выдаваць газэту. У апошнім нумары выданьня жорстка крытыкавалі кіраўнікоў раённай вэртыкалі й міліцыі. У прыватнасьці, спадар Шчарбак пісаў пра сумнеўныя сувязі кіраўніка мясцовай вэртыкалі Аляксандра Агеева з кіраўніцтвам мясцовага райспажыўсаюзу, які ў народзе называюць "шклоўскай мафіяй".

Аднак пацярпелы не выключае, што напад на яго маглі ажыцьцявіць прадстаўнікі РНЕ. Незадоўга да нападу да яго на кватэру прыходзілі малойчыкі з гэтай арганізацыі, цікавіліся ягонай дзейнасьцю — пыталіся, чаму ён піша антырасейскія артыкулы.

Усе гэтыя вэрсіі рэдактар газэты выклаў у заяве ў міліцыю. Але ж пацярпелы не спадзяецца на аб'ектыўны ход расьсьледаваньня, бо сам неаднойчы трапляў у аддзяленьне міліцыі па абвінавачаньню ў арганізацыі несанкцыянаваных акцыяў і за публікацыі антыдзяржаўных артыкулаў.

Дарэчы, спадар Шчарбак асабіста добра ведае Аляксандра Лукашэнку. У свой час ён працаваў старшынём прафкаму ў саўгасе "Гарадзец" — узначальваў ініцыятыўную групу кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савету Аляксандра Лукашэнкі. Неўзабаве, расчараваўшыся з-за нявыкананых перадвыбарчых абяцаньняў свайго дэпутата, ачоліў апазыцыю Шклоўскага раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG