Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ” МОЖА БЫЦЬ АБМЕРКАВАНАЕ ПАДЧАС БУДУЧАГА ВІЗЫТУ ПУЦІНА Ў НЯМЕЧЧЫНУ


Алена Панкратава, Менск

Як лічаць аналітыкі з бэрлінскага Фонду палітычных дасьледаваньняў, "на цяперашні момант беларускае пытаньне ў падвешаным стане. Захад проста не гатовы падаць нейкую канкрэтную стратэгію да Беларусі".

Доктар паліталёгіі, вядучы экспэрт у пытаньнях Расеі й Беларусі Гайнц Тымэрман ў размове з карэспандэнтам Свабоды выказаў наступнае меркаваньне:

(Тымэрман: ) "Як усё будзе далей, залежыць, на маю думку, ад Лукашэнкі, ад таго, наколькі ён у стане выканаць усе свае абяцаньні, што даў падчас першай прэсавай канфэрэнцыі пасьля выбараў — адносна стварэньня грамадзянскай супольнасьці, будаўніцтва цывілізаваных зносінаў з апазыцыяй, падтрымкі эканамічных рэформаў і г.д. Канечне ж, у гэтым выпадку Эўропа адкрыецца Беларусі, аднак, упэўнены, што гэта справа ня хуткага часу".

Паводле журналіста "Frankfurter Rundschau" Томаса Розэра, "ключ да зьменаў у Менску па-ранейшаму знаходзіцца ў Маскве. Толькі фінансавая падтрымка Расеі жывіць беларускі рэжым, нягледзячы на велізарныя эканамічныя праблемы. Эўропа павінна яшчэ больш настойліва, чым раней, нагадваць Крамлю, што дэмакратычны сусед у асобе Беларусі — гэта тое, у чым павінна быць зацікаўленая Расея".

Нямецкія аналітыкі не выключаюць, што пытаньне Беларусі будзе закранутае ў часе маючых адбыцца на гэтым тыдні перамоваў у Бэрліне паміж Уладзімерам Пуціным і Герхардтам Шродэрам. Зразумела, гэтая тэма ня можа быць ключавой, але яе нельга абысьці ў часе абмеркаваньня расейска-нямецкіх эканамічных стасункаў, — лічаць некаторыя палітыкі, сярод якіх дэпутатка Эўрапарлямэнту Элізабет Шродтэр.

(Шродтэр: ) "Вядома, сярод цэнтральных тэмаў перамоваў будуць такія як калектыўная бясьпека альбо энэргетычнае супрацоўніцтва, і тут, паколькі Беларусь зьяўляецца транзытным калідорам расейскага энэргаэкспарту ў краіны Эўразьвязу, зьявяцца тэмы для дыскусіяў. Як вядома, Эўразьвяз апошні час імкнуўся ўплываць на Крэмль у тых пытаньнях, што тычацца Беларусі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG