Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П’ЯНЫ БУЛЬДАЗЭРЫСТ ГАНЯЎСЯ Ў КУРАПАТАХ З МАНЦІРОЎКАЙ ЗА ЖАНЧЫНАМІ, ЯКІЯ БАРАНІЛІ ПАХАВАНЬНІ


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах працягваюцца будаўнічыя работы. З самага ранку сюды прыходзяць людзі. Яны нясуць кветкі, ставяць сьвечкі, жагнаюцца. Абураюцца тым, як пашыраюць кальцавую дарогу.

(Лявон Мішын: ) "Тут мусіць захавацца памяць пра ахвяраў масавых рэпрэсіяў. Тут напэўна будуць зносіць частку ляснога масіву. Ня ведаю, магчыма там таксама ёсьць гэтыя ахвяры".

А вось Алесь Кір'янаў гатовы на рашучыя дзеяньні, толькі каб захаваць Курапаты.

(Кір'янаў: ) "Бальшавікі хочуць зруйнаваць гэтае месца, таму я сёньня й прыйшоў, каб выказаць свае абурэньне. Калі патрэбна будзе, я зараз пайду й пакладуся пад гэты экскаватар".

Зараз бульдозэр рухаецца ў бок курапацкай шыльды. Ён праходзіць за некалькі мэтраў ад яе. Людзі падыходзяць да бульдазэрыста і спрабуюць пагаварыць зь ім.

(Кір'янаў: ) "Тут жа мёртвыя пахаваныя".

(Бульдазэрыст: ) "Вы маю сям'ю карміць будзеце?"

(Кір'янаў: ) "А пры чым тут Вашая сям'я й могілкі?"

(Бульдазэрыст: ) "Будзеце?"

(Кір'янаў: ) "А калі я да Вас паеду й буду руйнаваць могілкі Вашых бацькоў? Што Вы скажаце мне?"

(Бульдазэрыст: ) "Не. Гэта ўсё мусіць рашаць нехта наверсе".

(Кір'янаў: ) "Зрэшты, любы загад можна так апраўдаць. І людзей тут расстрэльвалі за гарэлку..."

(Бульдазэрыст: ) "Добра".

(Кірянаў: ) "Так што Вы хочаце сказаць — што такі час настаў, што трэба могілкі руйнаваць? Рушыць мёртвых?"

(Бульдазэрыст: ) "Не".

Усе, хто прыйшлі сёньня ў Курапаты, вельмі абураныя, некаторыя жанчыны ледзь стрымліваюць сьлёзы.

(Інэса Лейпч: ) "Там, дзе могілкі, дзе адбыліся такія страшныя падзеі, заўсёды знаходзяцца геапатагенныя зоны. Там будзе дрэнная энэргетыка, і на гэтым месцы могуць адбыцца і аварыі, і ўсякія няшчасныя выпадкі.

У гэтым лесе, на гэтай зямлі нявінныя людзі расстраляныя былі.
Дык ці ж мы антыхрысты, ці ж мы дэбілы,
Каб пляжыць бязь літасьці тут іх магілы?
Ці Бог розум адняў у нас, людзі?
Ці д'ябал нашыя душы зьнявечыў?
Ці дарога гэтая шчасьліваю будзе,
Што пабудуем мы на касьцях чалавечых?"

Калі я сёньня вярнулася з Курапатаў у рэдакцыю, мне адразу патэлефанавалі жанчыны, якія засталіся там. Адразу пасьля майго ад'езду яны пачалі прымацоўваць да дрэваў абразы. І тады бульдазэрыст, дарэчы, п'яны яшчэ зранку, разьвярнуў сваю машыну і паехаў на іх, зачапіў дрэва й ледзь не забіў адну жанчыну. Потым бульдазэрыст выйшаў з кабіны, схапіў манціроўку й пачаў ганяцца за жанчынамі, крычаў, што ўсіх зараз заб'е.

Вера Ціцянкова, Любоў Сакалоўская, Інэса Лейпч ды іншыя жанчыны, якія прышлі сёньня ў Курапаты з кветкамі й сьвечкамі, зьбіраюцца зьвярнуцца з гэтай нагоды ў суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG