Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗКАСЬЦЬ ЦЬВЁРДА ПАСТАНАВІЛА ЗМАГАЦЦА ЗА КУРАПАТЫ


Ганна Соусь, Менск

Будаўнічыя работы дзеля пашырэньня кальцавой дарогі працягваліся й сёньня, сьляды бульдозэраў бачныя ўжо каля вялікага Курапацкага крыжа й мэмарыяльнага знаку "Пакутнікам Беларусі".

Прадстаўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і Маладога Фронту, а таксама людзі, што проста прыйшлі сёньня ў Курапаты, вырашылі, што гэтыя крыжы не дазволяць будаўнікаім прайсьці бульдозэрамі па сьвятым месцы.

Адметна, што сёньня ў лесе людзі адшукалі чалавечую костку, якая захавалася з часоў расстрэлаў. Гэтыя чалавечыя парэшткі былі пахаваныя побач з адным з усталяваных сёньня крыжоў.

Як распавёў намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Папкоў, цяпер кожны дзень у Курапаты будуць прыходзіць людзі й сачыць за тым, як ідуць будаўнічыя работы. Ён заклікаў таксама ўсіх штодня прыходзіць сюды пасьля 5-й вечара. Заўтра ж прадстаўнікі Маладога Фронту зьбіраюцца прынесьці ў Курапаты многа крыжоў і ўсталяваць іх уздоўж ляснога масіву.

Варта дадаць, што ў часе сёньняшняй акцыі ўсе машыны, што рухаліся па кальцавой дарозе, спынілі хуткасьць.


XS
SM
MD
LG