Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ СТРАЦІЦЬ РАСЕЯ ЎПЛЫЎ НА КРАІНЫ СЯРЭДНЯЙ АЗІІ?


Сяргей Шупа, Прага

Як супрацоўнічаць з амэрыканцамі, ня страціўшы свае ўплывы ў былых савецкіх рэспубліках Сярэдняй Азіі: вось пытаньне, якое не дае спакою Маскве ў хвіліны, калі ўжо пачаўся зваротны адлік перад амэрыканскім ударам адплаты, - піша ў сёньняшнім нумары газэты Liberation яе маскоўскі карэспандэнт Элен Дэспіч-Попавіч. Гэтыя рэспублікі – Узбэкістан, Туркмэністан, Таджыкістан, Казахстан і Кыргызстан – багатыя на прыродныя рэсурсы і кіраваныя аўтарытарнымі ўладарамі – раптам набылі надзвычайную важнасьць для Злучаных Штатаў. Тры зь іх непасрэдна мяжуюць з Афганістанам, а значыць, маглі б стаць патэнцыйным пляцдармам для амэрыканскай апэрацыі. Кіраўнікі гэтых краінаў, баючыся выбуху ісьлямізму, ужо кожны паасобку запрапанавалі свае паслугі Вашынгтону. Аднак у адказ на гэта расейскі міністар абароны Сяргей Іваноў выступіў з пагрозьлівым папярэджаньнем: «Я ня бачу ніякіх падставаў, нават гіпатэтычных, для магчымасьці разгортваньня НАТО на тэрыторыях сярэднеазіяцкіх дзяржаваў».

Пасьля гэтага адзін за адным сярэднеазіяцкія кіраўнікі выступілі з апраўданьнямі, што яны, маўляў, прапанавалі Злучаным Штатам ня болей чым толькі маральную падтрымку. У сераду ў Вашынгтоне расейскі міністар замежных справаў Ігар Іваноў сьцьвердзіў, што ён не абмяркоўваў з прэзыдэнтам Бушам магчымасьць разгортваньня амэрыканскага войска ў Сярэдняй Азіі. «Мы мусім спачатку ведаць мэты разгортваньня, склад вайсковых аддзелаў і небясьпеку, якую гэтае разгортваньне можа ўяўляць для краінаў, дзе яно будзе адбывацца», - удакладніў шэф расейскай дыпляматыі.

У сувязі з тым, што бальшыня гэтых краінаў зьвязаная з Расеяй пагадненьнямі аб калектыўнай бясьпецы ў рамках СНД, прэзыдэнт Пуцін пасьпяшаўся выслаць у рэгіён старшыню Рады Бясьпекі Ўладзімера Рушайлу і начальніка генштабу расейскага войска Анатоля Квашнін. «Гэты візыт азначае заклік да ўсіх краінаў Сярэдняй Азіі скаардынаваць сваю дзейнасьць, інакш картачны дамок пад назовам СНД непазьбежна разваліцца», - лічыць Канстанцін Затулін, дырэктар маскоўскага Інстытуту дыяспары і краінаў СНД. Расея, лічыць Затулін, «зацікаўленая ў пакараньні Талібану, аднак не за кошт доўгатэрміновага побыту ў рэгіёне амэрыканцаў і стварэньня новых амэрыканскіх базаў побач са сваімі межамі», - цытуе Liberation словы Затуліна.

Бальшыня краінаў Сярэдняй Азіі баіцца ударнай хвалі, якую можа спарадзіць занадта пасьпешлівая амэрыканская апэрацыя, а менавіта – наплыву ўцекачоў і радыкалізацыі мясцовых ісьлямістаў, ня кажучы ўжо пра магчымыя ўдары з боку талібаў. Таджыкістан, дзе 20 тысячаў расейскіх памежнікаў і дэсантнікаў ахоўваюць тысячакілямэтровую мяжу з Афганістанам, ужо выключыў магчымасьць прыняць уцекачоў. Крыху слабей абаронены Туркмэністан абвясьціў свой нэўтралітэт. А Ўзбэкістан пакінуў дамову аб калектыўнай бясьпецы СНД на карысьць збліжэньня са Злучанымі Штатамі.

Калі б Расеі ўдалося згуртаваць шэрагі сваіх былых васалаў, дык ня выключана, што яна б патаргавалася наконт свайго супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі, патрабуючы ўзамен, напрыклад, больш спагадлівасьці да сваіх дзеяньняў у Чэчэніі.


XS
SM
MD
LG