Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗАСЛАЎІ АДБЫЛАСЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ, ПРЫСЬВЕЧАНАЯ БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАНЦКАЙ МАСТАЧЦЫ ГАЛІНЕ РУСАК


Юрась Барысевіч, Менск.

Рэжысэр Сяргей Агеенка, аўтар фільмаў пра Алеся Адамовіча, Максіма Танка, Язэпа Драздовіча ды іншых дзеячаў беларускай культуры, зьмяніў амплюа й зьняў на “Белвідэацэнтры” стужку на модную “шпіёнскую” тэму. Фільм “Вяртаньне з “Сатурну” распавядае пра барысаўскую школу нямецкай вайсковай выведкі часоў другой усясьветнай вайны. Галоўны герой стужкі — былы курсант школы абвэру Георгі Казлоў.

У гісторыка-культурным музэю-запаведніку “Заслаўе” прайшла навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная лёсу й творчасьці амэрыканскае мастачкі беларускага паходжаньня Галіны Русак. У музэю адчынілася выстава 20 жывапісных палотнаў мастачкі пад агульным назовам “Радзіма — рай”. Арганізатар выставы, актывіст суполкі “Пагоня” Віктар Маркавец выставіў партрэт самой Галіны Русак.

Усе лепшыя стужкі фэстывалю мультфільмаў “Анімаёўка”, які прайшоў у Магілёве, атрымалі заахвочвальны прыз “Крышталёвы аловак” ад славутай гуты “Нёман”. Галоўны прыз фэстывалю, у якім бралі ўдзел 73 стужкі зь 9 краінаў, атрымала карціна Ірыны Кадзюковай “Прыпавесьць пра Каляды”, створаная на “Беларусьфільме”. Лепшым творчым экспэрымэнтам названы мультфільм “Мячык” беларускага аўтара Міхаіла Тумелі.

Літаратурны музэй Максіма Багдановіча запрашае ўсіх, хто цікавіцца спадчынай клясыка, узяць удзел у навуковай канфэрэнцыі “Багдановіч і іншанацыянальныя літаратуры”. Асноўныя тэмы, якія маюць там прагучаць, — майстэрства Багдановіча як перакладчыка й пераклады ягоных уласных твораў у замежныя мовы; уплыў Багдановіча на айчынную культуру й месца ягонай творчасьці ўва ўсясьсьветным кантэксьце. Канфэрэнцыя прымеркаваная да 110-х угодкаў з дня народзінаў паэта.

Сярод новых марак, якія выпусьціла беларуская пошта, дзьве прысьвечаныя сюжэтам з народных казак “Сіняя сьвіта наспод сшыта” й “Ох і залатая табакерка” (абедзьве намалявала Вольга Іванова). Мастак Віктар Сташчанюк стварыў марку й капэрту ў гонар 125-х угодкаў Менскага пажарнага таварыства. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў абвесьціла сёлетні год Годам дыялёгу паміж цывілізацыямі. Беларускую марку на гэты сюжэт стварыў Шаміль Хайрулін.

Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны сьвяткуе 10-я ўгодкі свайго заснаваньня. За гэтае дзесяцігодзьдзе Скарынаўскі цэнтар зрабіў нямала для беларусізацыі айчыннае гуманітарнае веды. Павіншаваць ягоных супрацоўнікаў можна на сьвяточнай імпрэзе, што адбудзецца 27 верасьня ў Доме дружбы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG