Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕЗАЛЕЖНЫЯ ПРАФСАЮЗНЫЯ ЛІДЭРЫ НАВАПОЛАЦКУ АБМЕРКАВАЛІ ВЫНІКІ ПРЭЗЫДЭНЦКАЙ КАМПАНІІ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

У лістападзе сёлета Свабодны прафсаюз Беларускі будзе адзначаць дзясятую гадавіну свайго існаваньня. Пры гэтым, як адзначалася на нарадзе, ён так і ня здолеў стаць дзейсным інструмэнтам у справе абароны працоўных. І прычына таму — жорсткі прэсінг з боку ўладаў.

Адміністрацыі прадпрыемстваў сёньня ня толькі выкідваюць прафсаюзных актывістаў за прахадную, але дзеяць шляхам іх подкупу. Так, у прыватнасьці, надарылася на полацкім заводзе “Праммашрамонт”, у выніку чаго тамтэйшая прафсаюзная суполка практычна спыніла сваё існаваньне.

Яшчэ адной сур’ёзнай праблемай, на думку старшыні рэгіянальнай арганізацыі Вольных прафсаюзаў Уладзімера Антановіча, зьяўляецца адсутнасьць працоўнай салідарнасьці. І ў выпадку, калі тыя ж пэдагогі і мэдыкі выступяць з патрабаваньнем павелічэньня заробку, работнікі вытворчай сфэры іх наўрад ці падтрымаюць.

Дарэчы сказаць, у Наваполацку ў гэтым пляне ўзьніклі праблемы і ў высокааплатнай вытворчай сфэры. Рэзка скарацілася заработная плата на аб’яднаньні “Палімір”, а на на наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі работнікі асноўнай вытворчасьці атрымалі ў жніўні па 55 тысяч рублёў.

У зьвязку з тым старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзь Быкаў, які адмыслова прыехаў у Наваполацк, заклікаў калегаў адкінуць усялякую палітыку і дамагацца ад адміністрацыяў прадпрыемстваў, прычым у любых формах, падвышкі рэальнай заработнай платы.

Зрэшты, ішла на нарадзе размова і аб палітыцы, а менавіта, аб прэзыдэнцкіх выбарах. Нягледзячы на тое, што лідэр аб’яднанай апазыцыі ня быў прыхільнікам недзяржаўных прафсаюзаў, яны самым актыўным чынам падтрымалі ягоную кандыдатуру — тым часам як старшыні афіцыйных прафкамаў фактычна ўхіліліся ад падтрымкі свайго непасрэднага шэфа.

Па сьведчаньні кіраўніка суполкі Свабоднага прафсаюзу вытворчага аб’яднаньня “Шкловалакно” Віктара Стукава, некалі ён зьвярнуўся да кіраўніка заводзкага прафкаму з просьбай падабраць назіральнікаў на выбары і пачуў, што галіновы прафсаюз — арганізацыя непалітычная, і таму ніякага ўдзелу ў выбарах браць ня будзе.

Ну і, нарэшце, ішла гаворка аб магчымым акцыянаваньні гігантаў наваполацкай індустрыі — “Паліміра” і “Нафтана” зь перадачай кантрольнага пакету акцыяў расейскаму капіталу. Сьведчаньнем таму сталіся візыты на “Нафтан” прадстаўнікоў нафтавай кампаніі "Лукойл". Падобна на тое, што ўлады зьбіраюцца зьмяніць форму ўласнасьці на згаданых прадпрыемствах цішком, без правядзеньня адкрытага тэндэру, і гэта непакоіць працоўныя калектывы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG