Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ УЛАДЫ ЎЖО ЗАБЫЛІСЯ НА ПЕРАДВЫБАРЧЫЯ АБЯЦАНЬНІ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Рэч у тым, што тутэйшыя выканаўчыя ўлады падчас агітацыйнай кампаніі спачатку зрабілі выгляд, што нібыта ўзяліся ажыцьцяўляць перадвыбарчыя абяцаньні. Іх багата давалі месьцічам Аляксандар Лукашэнка, або ад ягонага імя вэртыкальныя чыноўнікі, а затым пасьля 9 верасьня гэткае ажыцьцяўленьне спынілася.

Вось што паведаміла намесьніца старшыні Барысаўскага рэгіянальнага аддзяленьня Гельсынскага камітэту Ларыса Грэбнева:

(Грэбнева: ) "У жніўні, калі Аляксандар Лукашэнка прыяжджаў да нас у Барысаў, ён хваліўся перад намі падчас сустрэчы, маўляў, вось маімі намаганьнямі вам вада ў кватэры паступае бяз графіка — і гарачая, і халодная. Вось прайшлі выбары, і ў Барысаве ўмомант прапала гарачая вада. Дыспэтчары ЖРЭА-7 мне адказалі, што такое становішча будзе доўжыцца два тыдні. Маўляў, перад выбарамі мы не хацелі рамантаваць цеплатрасу, а зараз гэтым займацца настаў час".

Зараз Ларыса Грэбнева намагаецца, каб управа жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і санэпідэмслужба Барысава выканалі яшчэ адно сваё перадвыбарчае абяцаньне: тэрмінова заняліся праблемай антысанітарыі места, бо горад на Бярэзіне апошнім часам атакавалі незьлічоныя орды пацукоў.

У Маладэчне, паведамляюць слухачы Радыё Свабода, жыхары прыватных сэктараў пасьля 9 верасьня таксама адчулі дыскамфорт. Яны, як высьветляецца, паверылі ў тое, што дадатковыя пасажырскія аўтобусы, пушчаныя сюды ў час выбарчай кампаніі, — рэч стабільная. Аднак мінула 9 верасьня, і гарадзкая транспартная кантора перакінула лішнія аўтамабілі на іншыя маршруты Маладэчна.

Засмучаюцца маладэчанцы яшчэ і з той нагоды, што на перапыненае колькі гадоў таму ўзьвядзеньне сярэдняй школы ў мікрараёне №6 усё яшчэ не зьявіліся будаўнікі. Хаця Аляксандар Лукашэнка нядаўна сам абяцаў жыхарам гораду ажывіць гэтую будоўлю яшчэ ў перадвыбарчы час.

А вось ігуменскія дарожныя будаўнікі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў насамрэч распачалі актыўна рамантаваць шашу паміж мястэчкам Сьмілавічы і вёскай Жураўкавічы. Але і тут у дарожнікаў запалу ды жаданьня цалкам ажыцьцявіць гэткае перадвыбарчае абяцаньне вэртыкальных службоўцаў хапіла толькі да 9 верасьня. Урэшце ўчастак дарогі, што праходзіць празь вёску застаўся недарэмантаваным.

І яшчэ адна дэталь пасьлявыбарчага жыцьця ў Менскай вобласьці. Тут пасьля 9 верасьня амаль паўсюдна вырасьлі цэны на асноўныя харчы, на бэнзін і мазуту. Хаця Аляксандар Лукашэнка абяцаў і цэны, і курс даляра да беларускага рубля стабілізаваць.

Напрыклад, у Барысаве асобныя гатункі белага хлеба адразу пасьля выбараў падаражэлі на 25%, а мясныя вырабы на 30%.


XS
SM
MD
LG