Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКОЙЛ” РЫХТУЕЦЦА ЎСТАЛЯВАЦЬ КАНТРОЛЬ НАД БЕЛАРУСКАЙ НАФТАХІМІЯЙ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле словаў менскага прадстаўніка "Лукойлу" Ўладзімера Кабанава, на ўчорашняй інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі прысутнічаў расейскі алігарх Вагіт Алекпераў. І гэта невыпадкова.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі кіраўнік "Лукойлу" ўхваліў эканамічную палітыку Лукашэнкі і паабяцаў прыцягнуць у краіну 1 мільярд даляраў інвэстыцыяў. За гэта "Лукойлу" паабяцалі выгаднае разьмяшчэньне ягоных капіталаў.

Як паведаміў сёньня нашаму радыё маскоўскі прадстаўнік "Лукойлу" Дзьмітры Далгоў, пасьля беларускіх выбараў бакі актывізавалі перамоўны працэс. Як вынікае з тлумачэньняў расейскага боку, "Лукойл" выказвае вялікі інтарэс да супрацоўніцтва зь вядучымі прадпрыемствамі беларускай нафтахіміі. У прыватнасьці, гарадзенскім "Азотам", магілёўскім "Хімвалакном", наваполацкімі "Нафтанам" і "Палімірам".

Цяперашнія ініцыятывы расейцаў намесьнік генэральнага дырэктара "Нафтану" Віктар Канобры пракамэнтаваў наступным чынам:

(Канобры: ) "Ідуць рабочыя кансультацыі. Група, якую стварылі "Белнафтахім" і "Лукойл", працавала і працягвае працаваць у нас. Пытаньне, такім чынам, нявызначанае. Усё будзе вызначацца ўмовамі, якія будзе прапаноўваць "Лукойл". "Лукойл" зацікаўлены ў стварэньні структураў, у якіх ён бы браў удзел.

Мы ж дзяржаўнае прадпрыемства і самі не прымаем рашэньняў. Прапановы будуць накіраваныя ва ўрад і прэзыдэнту. І яны вырашаць: ці прымальныя ўмовы, на якіх "Лукойл" хацеў бы працаваць на рынку Беларусі".

На думку экспэртаў, "Лукойл" свой мільярд інвэстыцыяў не адважыцца ўкладаць у дзяржаўныя прадпрыемствы. А таму расейская кампанія будзе патрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі іхнага разьдзяржаўленьня. Пляны прыватызацыі беларускай нафтахіміі ўжо зараз шырока абмяркоўваюць у працоўных калектывах. Як вядома, на гэтых прадпрыемствах дзейнічаюць структуры Беларускага незалежнага прафсаюзу. Вось што паведаміў на гэты конт ягоны лідэр Віктар Бабаед:

(Бабаед: ) "Мы таксама разглядалі гэтую праблему. Пасьля выбараў мы бачым, што выконваюцца дамоўленасьці кіраўніцтва дзяржавы з расейскімі фірмамі аб падзеле маёмасьці. Я быў у рэгіёнах і ведаю, што экспэрты з "Лукойлу" сёньня працуюць у Наваполацку, Горадні.

Інакш кажучы, найлепшыя прадпрыемствы Беларусі будуць прыватызаваць. Як кіраўніка прафсаюзу мяне цікавіць, якой будзе форма прыватызацыі, які ўдзел у гэтым працэсе возьме наш прафсаюз, працоўныя калектывы, ці захаваюцца працоўныя месцы. Я размаўляў з кіраўнікамі "Паліміру" пра тое, што гэтыя гарантыі пры так званых інвэстыцыях мы павінны захаваць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG