Я прыехала ва ўрочышча Курапаты а шостай вечара. На зямлі ляжаць высечаныя дрэвы. З абодвух бакоў дарогі высяклі дрэваў на 20 мэтраў. Яшчэ працуе будаўнічая тэхніка.
Я падышла да будаўнікоў. Мае суразмоўцы — бульдазэрыст Анатоль і экскаватаршчык Уладзімер, прыехалі сюды з Магілёўшчыны. Пра тое, што ў гэтым месцы калісьці былі расстраляныя тысячы бязьвінных людзей, будаўнікі даведаліся ад мяне.
(Анатоль: ) "Мы вэрбованыя".
(Уладзімер: ) "Адкуль мы ведаем, што тут у вас ёсьць. Нам сказалі тут капаць, вось мы й будзем капаць".
(Карэспандэнтка: ) "Як асабіста вы пачуваецеся, езьдзячы па гэтым месцы на бульдозэры?"
(Уладзімер: ) "Нічога ня ведаю. Я мяркую, што гэта проста лес. Лес нішчыць нельга, але ж дарогу пашыраць трэба".
(Анатоль: ) "Тут зялёная зона. Нехта ж праектаваў?"
(Карэспандэнтка: ) "А чаму з Магілёва сюды прыехалі?"
(Анатоль: ) "Таму што ў Магілёве няма працы".
(Уладзімер: ) "Актыўны, таму трэба пашыраць дарогу."
(Карэспандэнтка: ) "Калі пачнуць карчаваць?"
(Уладзімер: ) "У бліжэйшыя дні. Можа, праз два дні, самае большае праз тыдзень".
(Карэспандэнтка: ) "Вашае асабістае стаўленьне да гэтага..."
Рабочыя сьмяюцца:
(Анатоль: ) "У Магілёве няма фронту работаў. Вось нас сюды ў камандзіроўку: яжджайце..."
(Уладзімер: ) "Хутчэй за ўсё мы нічога тут ня ўбачым. Пройдзем бульдозэрамі і нічога не заўважым".
(Карэспандэнтка: ) "Калі, прыкладам, ваш дзед альбо прадзед быў расстраляны і тут пахаваны. Як вы мяркуеце — па ягоных костках праяжджаць?"
(Анатоль: ) "Я ведаю, рабілі пашырэньне Гомельскай дарогі. Там было нямецкае пахаваньне. Прыехалі зь Нямеччыны гэтыя Гансы..."
(Уладзімер: ) "Немцы".
(Анатоль: ) "Ну немцы. Сабралі сельсавет. Маўляў, тут нашыя браты, немцы, Гансы... Акуратна экскаватарам... Косткі там былі, дык іх у труну. А тут — значыцца, нікому не патрэбна. А мясцовыя ўлады?"
(Уладзімер: ) "Мы па гэтых костках будзем езьдзіць, нас прымусяць езьдзіць. Нават, як вы гаворыце — дзед, прадзед... Але я спадзяюся, што ня ўбачу. Калі ўбачу, я абяцаю, што аб'еду. Я ніколі да гэтага не дакрануся".
(Анатоль: ) "На гэта ж ёсьць праектоўшчыкі. Дык яны сядзяць, праектуюць. А мы проста эксплюатацыйнікі. Нам сказалі, і мы робім".
(Карэспандэнтка: ) "Няўдзячная праца..."
(Уладзімер: ) "Калі б ня Вы, мы б нічога пра гэта ня ведалі. Мы ж не ад харошага жыцьця — а што ў Магілёве мне няма працы, альбо яму ў Бабруйску".
Калі я пакідала Курапаты, экскаватар пачаў працаваць.