Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАСЬЛЯ ПІКЕТУ “ХОЧАМ ВЕДАЦЬ ПРАЎДУ!” У ВІЦЕБСКУ ЯГО ЎДЗЕЛЬНІКАЎ ЗАТРЫМАЛІ


Алег Жукоўскі, Віцебск

Акцыя, якая праходзіла ў самам цэнтры гораду, каля так званага Сіняга дому, атрымалася непрацяглай па часе, але даволі насычанай. Пяцёра маладзёнаў у майках з партрэтамі зьніклых асобаў разгарнулі плякаты, сярод якіх былі "Пачнем з пачатку, пачнем з нуля.", "Рэжым Лукашэнкі зьнішчае людзей" і іншыя. Яны пачалі выгукваць пытаньні-лёзунгі: "Дзе Захаранка?, Дзе Ганчар?", "Жыве Беларусь!", "Лукашэнка прэч! Жыве моладзь!"

Адразу з прыпынкаў, якія знаходзяцца побач, пацягнуўся народ. Хутка людзей сабралася больш за 100 чалавек. У бой кінуліся два-тры старыя: "Мы перамаглі, а гэтыя зноўку стаяць!", але выразнай падтрымкі месьцічаў яны не атрымалі.

Хтосьці гучна сказаў: "Сёньня вы перамаглі, заўтра — мы." Наадварот, многія падыходзілі, бралі буклеты пра зьніклых, спэцвыданьне газэты "День". Некаторыя, асабліва моладзь, цікавіліся кантактнымі тэлефонамі.

Некалькі міліцыянтаў прайшлі ў бок прыпынку, але зрабілі выгляд, што нічога ня бачаць. Праз 15 хвілінаў, калі разышліся буклеты і стос газэтаў, Сяргей Васенка, Аксана Філімонава, Інэса Галеева, Сяржук Іваноў і Віталь Буевіч пікет завершылі.

На пытаньне, ці дасягнутая мэта акцыі, іхны лідэр Сяргей Васенка ўпэўнена адказаў:

(Васенка: ) "Так, людзі пабачылі, што выбарамі змаганьне за дэмакратычную Беларусь не скончылася".

І як стала вядома ўвечары, калі ўдзельнікі пікету пасьля акцыі гулялі па горадзе, да іх пад’ехала машына, і патруль на чале з сяржантам Шчалкуновым затрымаў маладзёнаў. У Кастрычніцкім аддзеле ўнутраных справаў на іх склалі пратаколы з абвінавачаньнем па артыкуле 167, частка першая Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, а на Сяржука Іванова, у якога былі ў руках плякаты, па артыкуле 167-2. На момант перадачы матэрыялу, Сяржук яшчэ знаходзіўся ў пастарунку.


XS
SM
MD
LG