Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗВОЛЬНЕНЫ З ПРАЦЫ НЕЗАЛЕЖНЫ НАЗІРАЛЬНІК У ЛОЕВЕ СПРАБУЕ АДНАВІЦЦА НА ПРАЦЫ ПРАЗ СУД


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Напісаць заяву пра звальненьне з працы Валер'я Канапляніка вымусілі літаральна за тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў. Падставай паслужыла тое, што падчас суправаджэньня аўтамашыны паштовай сувязі спадар Канаплянік ў вёсцы Малінаўка заехаў на выбарчы ўчастак, каб удакладніць пытаньне акрэдытацыі на выбарах як назіральнік.

У пазове ў суд пра аднаўленьне на працы Валеры Канаплянік напісаў, што на яго ціснулі намесьніца начальніка раённага вузла сувязі Інэса Трамбіцкая і начальніца аддзелу кадраў дзяржаўнага абласнога прадпрыемства "Гомельпошта" Ала Шурка, а таксама інжэнэр бясьпекі паштовай сувязі спадар Аўдошкін.

Старшыня Лоеўскага суду Іван Сідарэнка выслухаў матывы пазову спадара Канапляніка і адказчыцу па справе — намесьніцу кіраўніка раённага вузла сувязі Інэсу Трамбіцкую. Запатрабавалі дадатковыя дакумэнты адносна працы і звальненьня назіральніка.

Стала вядома таксама, што абласны суд адмяніў адміністрацыйную пастанову лоеўскага судзьдзі Сяргея Бурбы пра пакараньне штрафам Вячаслава Башмакова, зборшчыка подпісаў у падтрымку Сямёна Домаша. Абласны суд вырашыў, што юрыст райвыканкаму Ўладзімер Пугач, на падставе пратаколу якога судзьдзя аштрафаваў зборшчыка подпісаў, сам парушыў заканадаўства.

Дачыненьне да пратаколу мела і старшыня Пярэдзелкаўскага сельскага савету Натальля Трухан.

У гэтай сувязі Вячаслаў Башмакоў з паплечнікамі падрыхтаваў пазоў у суд адносна прыцягненьня юрыста райвыканкаму Пугача і старшыні сельскага савету спадарыні Трухан да крымінальнай адказнасьці за перашкоду грамадзянам вольна ажыцьцяўляць свой выбар.


XS
SM
MD
LG