Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЙНАЯ АКЦЫЯ "ХОЧАМ ВЕДАЦЬ ПРАЎДУ!" ПРАЙШЛА Ў МЕНСКУ РАЗАМ З ЦЫРЫМОНІЯЙ ІНАЎГУРАЦЫІ ЛУКАШЭНКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Усе падыходы да Кастрычніцкай плошчы прыкладна на 100 мэтраў былі перакрытыя міліцыянтамі ў цывільным і форме яшчэ за дзьве гадзіны да пачатку цырымоніі. Кардон каля рэстарану "McDonald's", што на праспэкце Францішка Скарыны, пускаў толькі ўладальнікаў адмысловых пропускаў.

Бліжэй да 12-й гадзіны перасталі пускаць і тых, хто меў пропускі. Сярод іншых не пусьцілі на плошчу й вядучых праграмаў Беларускага тэлебачаньня Яўгена Новікава й Мікалая Сяргеева. Усе кавярні, крамы й станцыя мэтро ля плошчы былі зачыненыя, а людзі, якія выпадкова апынуліся тут, стаялі на праспэкце разгубленыя і не маглі прайсьці, куды ім трэба.

Тым часам побач зь міліцэйскім кардонам зьявілася каля 10 актывістаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі на чале зь ейным лідэрам Анатолем Лябедзькам. Апранутыя ў футболкі з надпісам "Хочам ведаць праўду!" і з партрэтамі зьніклых Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага апазыцыянэры сталі ланцужком уздоўж праспэкту. Гаворыць арганізатар гэтай акцыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Гэта ня мае ніякага дачыненьня да інаўгурацыі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Мы проста ігнаруем гэтую падзею. Для нас гэта чарговая мажлівасьць выйсьці з партрэтамі зьніклых і сказаць Аляксандру Рыгоравічу: дарма ён гаварыў, што апазыцыя спэкулюе на гэтай справе і праводзіць гэтыя акцыі толькі падчас выбараў.

Я думаю, улады зрабілі высновы падчас сустрэчы Лукашэнкі з правільным электаратам — калі яны дапусьцілі на плошчу 50 чалавек, і ўсе вымушаныя былі глядзець на партрэты зьніклых людзей. Я думаю, што Навумаў зрабіў пэўныя высновы".

Удзельнікаў акцыі адразу атачылі люді ў цывільным і паспрабавалі выштурхнуць іх да падземнага пераходу.

На маё пытаньне, чым замінаюць міліцыянтам удзельнікі акцыі, падпалкоўнік, што кіраваў кардонам, адказаў:

(Падпалкоўнік: ) "Ідзеце, "Свабода". Ніхто не дае вам інтэрвію, ідзеце, Свабода".

Штопраўда, пазьней міліцыянты перасталі выштурхоўваць пікетоўцаў, толькі сталі за іхнымі сьпінамі, каб кіроўцы і пасажыры машынаў, што праяжджалі па праспэкце, не маглі бачыць партрэтаў зьніклых. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька працягвае:

(Лябедзька: ) "Я думаю, што гэта не аляксандры матросавы, якія сваім целам закрываюць амбразуру. Яны закрываюць сваімі целамі праўду, якую беларускі рэжым хоча схаваць".

Удзельнікі акцыі паднялі партрэты зьніклых над галовамі міліцыянтаў і так стаялі цэлую гадзіну, пасьля чаго разам пайшлі з праспэкту.


XS
SM
MD
LG