Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ІНАЎГУРАЦЫІ ЛУКАШЭНКА ПААБЯЦАЎ: ШОКУ НЯ БУДЗЕ, УСЁ ЗАСТАНЕЦЦА ПА-РАНЕЙШАМУ


Валер Каліноўскі, Менск

Лукашэнка ня толькі сам пакляўся быць верным Канстытуцыі, але і прыняў прысягу ад прадстаўнікоў усіх родаў войскаў "на вернасьць народу і прэзыдэнту Беларусі".

Адрозна ад 1994 году, гэтым разам Аляксандар Лукашэнка кляўся на Канстытуцыі па-расейску:

(Лукашэнка: ) "Заступаючы на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і аберагаць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь".

А вось прамову Лукашэнка пачаў чытаць па-беларуску, узгадаўшы імя Ўладзімера Караткевіча:

(Лукашэнка: ) "Наш вялікі пісьменьнік, палымяны патрыёт і мой зямляк Уладзімер Караткевіч пісаў: "Пранікніцеся любоўю да роднай Беларусі, людзі. Велічная і гордая, яна таго вартая".

Заўважна было, што Аляксандар Лукашэнка хваляваўся — як і тыя, хто быў побач зь ім на сцэне, — старшыня Цэнтарвыбаркаму, кіраўнікі палатаў так званага Нацыянальнага сходу, кіраўнік Канстытуцыйнага суду, мітрапаліт Філарэт і сьпікер Дзярждумы Расеі, які прывез Лукашэнку ліст ад Пуціна. Было бачна, што выступоўцы адчувалі сябе скавана, часам зьбіваліся. Сам Лукашэнка прызнаўся, што не адчувае асаблівай урачыстасьці:

(Лукашэнка: ) "Скажу вам шчыра: я не адчуваю, у мяне няма ў душы вялікай урачыстасьці ад таго, што адбываецца сёньня ў гэтай залі. Я адчуваю толькі адно: вялізны цяжар адказнасьці".

Была заўважная незадаволенасьць А.Лукашэнкі тым, што ягоную інаўгурацыю праігнаравалі амбасадары заходніх краінаў:

(Лукашэнка: ) "Тыя, хто сёньня працуе ў нашай краіне як прадстаўнікі замежных пасольстваў, асабліва тыя, хто ня можа зьмірыцца з гэтым рэальным фактам, я прашу, каб вы рэальна глядзелі на рэчы: нельга сёньня не паважаць вялікі беларускі народ, які зрабіў свой выбар і які зусім нядаўна, усяго паўстагодзьдзя таму, падарыў сьвету разам з рускім салдатам, іншымі суайчыньнікамі былога СССР вялікую перамогу".

А.Лукашэнка прызнаўся, што і цяпер ніякіх зьменаў у сваёй палітыцы ён не дапусьціць, усё будзе як і папярэднія сем гадоў:

(Лукашэнка: ) "Нам спрабуюць падкінуць — пісклявым ужо голасам — нашыя нядобразычліўцы, што, маўляў, закончыліся выбары, у Лукашэнкі вялікі рэйтынг даверу, дык вось, выкарыстоўваючы гэты рэйтынг і статус, Лукашэнка заўтра пойдзе на непапулярныя захады і пачне рэалізоўваць нейкую іншую праграму.

Я вам тут урачыста клянуся і абяцаю: я ніколі ні таму ўраду, які будзе ўжо заўтра ў асноўным сфармаваны, ні тым, хто будзе побач са мною як кіраўніком дзяржавы, не дазволю зьдзекавацца з народу шляхам шокавых, непапулярных ці папулярных захадаў. Ніякага шоку, нармальная дзелавая абстаноўка".

Пасьля гэтай цырымоніі Аляксандар Лукашэнка на Кастрычніцкай плошчы прыняў ад войскаў, МУС, КГБ і іншых сілавых структураў прысягу "беззапаветна служыць беларускаму народу і прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь". Прысягу зачытаў міністар абароны Леанід Мальцаў, які ўчора атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі пагоны генэрал-палкоўніка:

(Мальцаў: ) "...Абараняць нашу Радзіму мужна, умела, не шкадуючы сваіх сілаў і самога жыцьця — клянемся!"

(Салдаты: ) "Клянемся, клянемся, клянемся!"


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG