Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЮДЗІ НА ВУЛІЦАХ НЕ РАЗУМЕЮЦЬ, ЧАМУ ВАЙСКОЎЦЫ МАЮЦЬ ПРЫСЯГАЦЬ ЛУКАШЭНКУ


Ганна Соусь, Менск

Адказваючы на пытаньні, многія людзі абураліся тым, як ладзілася цырымонія інаўгурацыі.

Многія былі не задаволеныя, што іх не пускаюць на Кастрычніцкую плошчу, што зачынілі мэтро ды ўсе бліжэйшыя крамы, і таму адказы на пытаньні былі вельмі эмацыйныя.

(Спадар: ) "Улада ўжо занадта перавысіла свае паўнамоцтвы. Калі гэта інаўгурацыя прэзыдэнта, то толькі прэзыдэнт можа прысягнуць. А ўсё астатняе — гэта проста залішняя шуміха".

(Малады чалавек: ) "Усё роўна ўжо прысягнулі на вернасьць краіне, нашто яшчэ раз прысягаць? У мяне бацька вайсковец, дык адны прысягі за прысягамі..."

(Спадарыня: ) "Прысягу два разы не прымаюць, прысягаюць аднойчы й назаўжды".

(Спадар: ) "Дзяржаве павінны прысягаць. Што прэзыдэнт? Сёньня ў прэзыдэнта адна палітыка, заўтра іншая. Народу мусяць прысягаць".

Я зьвярнулася і да тых, хто на свае вочы бачыў, як адбывалася інаўгурацыя ды прысяга. Юры Чаранкоў трапіў на Кастрычніцкую плошчу як прадстаўнік ад аўтамабільнага заводу. Яму вельмі спадабалася цырымонія, але ён заўважыў пэўныя недарэчнасьці ў той момант, калі адбывалася прысяга.

(Чаранкоў: ) "У прынцыпе, зараз яны не прысягалі яму, яны проста павіталі яго. Прысяга — гэта крыху іншае. Я сам прымаў прысягу, таму ведаю..."

Увогуле, людзей больш хвалявала пытаньне, чаму перакрытыя ўсе праходы да Кастрычніцкай плошчы. Асабліва абураўся пэнсіянэр Сьцяпан, які меў запрашэньне на цырымонію, але яго не пусьцілі.

(Сьцяпан: ) "Мне далі пропуск, запрашэньне. Я іду з 10 гадзінаў. Перакрылі мэтро — давялося з інфарктам ісьці кілямэтар. Выйшаў на плошчу Незалежнасьці, тралейбусы ня ходзяць, згубіў час. Там стаіць натоўп людзей і праклінаюць прэзыдэнта. Я галасаваў за яго, а цяпер ня ведаю, чаму гэтак робіцца. Шкодніцтва сапраўднае..."

Людзі задавалі пытаньні й рабілі пэўныя высновы.

(Спадар: ) "Што гэта за людзі ў цывільным стаяць? Каго мы закрываем? Калі ён усенародна абраны, дык калі ласка... Дарагі Аляксандар Рыгоравіч, я шкадую, што жыву ў гэтай краіне".

Адметную выснову зрабіў з нагоды Лукашэнкавай інаўгурацыі інжынэр Міхал:

(Міхал: ) "Думаем, як выказаць удзячнасьць прэзыдэнту за першую акцыю супраць сваіх выбарцаў".

Што да прыхільнікаў Лукашэнкі, то яны ўсяляк імкнуліся выказаць яму свае сымпатыі. Гаворыць пэнсіянэрка спадарыня Сафія:

(Сафія: ) "Прэзыдэнт наш — адзіны, хто можа Беларусьсю кіраваць. Я вельмі хацела б паглядзець на свайго земляка, на свайго прыгажуна, але ня можам..."

У натоўпе людзей быў і грамадзянін Бэльгіі П'ер Шміт, як трапна й каротка падсумаваў свае ўражаньні ад цырымоніі:

(Шміт: ) "Дыктатура... Дыктатура".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG