Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІХ ЛЁТЧЫКАЎ ЗДАДУЦЬ У АРЭНДУ МІНІСТЭРСТВУ АБАРОНЫ АНГОЛЫ


Ігар Карней, Менск

Такое рашэньне супярэчыць міжнароднаму Лусакскаму пагадненьню, якое кваліфікуе тэхнічную дапамогу гэтай краіне як вайсковую. Нагадаем, у Анголе амаль 30 год працягваецца ўзброенае процістаяньне паміж урадавымі войскамі й падразьдзяленьнямі паўстанцаў УНІТА.

У "Трансавіяэкспарце" ахвотных выехаць на заробкі ў Анголу называюць сьмяротнікамі. Паводле статыстыкі, цягам амаль 30-гадовага канфлікту паміж урадавымі войскамі й паўстанцамі ЎНІТА, у небе гэтай краіны штогод зьнішчаецца 10-12 грузавых самалётаў.

Цяперашняе запрашэньне ад Міністэрства абароны Анголы таксама не хавае, якую ролю адвялі беларускім авіятарам. Напярэдадні маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў урадавыя войскі маюць патрэбу ў дадатковым ўмацаваньні сталіцы дзяржавы. Акрамя як паветрам, хутка перакінуць вайсковыя падразьдзяленьні немагчыма. Рызыка відавочная, але лётчыкі, якія пераважна сядзяць бяз працы, урэшце згаджаюцца на авантуру.

Адметна, што ўсе 18 асобаў зь лётнага складу й авіятэхнікаў павінны папярэдне звольніцца з кампаніі "Ростанг" і заключыць асабістыя працоўныя кантракты.

Як паведаміла мне ананімная крыніца ў "Трансавіяэкспарце", дагэтуль такіх прэцэдэнтаў не было. Усе кантракты праходзілі адпаведную экспэртызу ў беларускім МЗС. Адпаведна, у выпадку надзвычайнага здарэньня дзяржава брала на сябе клопат у справе вяртаньня экіпажу на Радзіму, альбо пошуку яго за мяжой. Калі ж кантракт прыватны, кампанія здымае зь сябе адказнасьць на выпадак экстрэмальных сытуацыяў. Чалавечы фактар, як ужо было ў выпадку з гомельскім экіпажам, які зьбіла цэйлёнская экстрэмісцкая групоўка "Тыгры вызваленьня Таміл Іламу", яўна ня ўлічваецца.

У аддзеле Афрыкі МЗС адказваюць, што дадзены выпадак па-за кампэтэнцыяй замежнапалітычнага ведамства. У "Трансавіяэкспарце" лічаць, што не цікавіцца лёсам сваіх грамадзянаў МЗС можа толькі ў тым выпадку, калі яму гэтак рэкамэндавалі.

Між тым, днямі штаб УНІТА распаўсюдзіў заяву, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Анголе без усялякіх папярэджаньняў будуць абстрэльвацца вайсковыя зьнішчальнікі "СУ" і грузавыя транспарты "Іл". Іншых самалётаў там проста няма.

У адпаведнасьці з так званымі Лусакскімі пагадненьнямі, падпісанымі напрыканцы 1980-х у сталіцы Замбіі, усялякая тэхнічная дапамога Анголе лічыцца незаконнай. З краіны даўно вывелі асноўныя "донары" варагуючых бакоў — дысьлякаваныя там раней часткі паветраных сілаў ЗША ды Расеі. У 1994-м годзе Анголу пакінуў апошні экіпаж зь Беларусі. Дагэтуль у Анголе па прыватных кантрактах працавалі выключна інструктары — гэтыя дамовы афармляліся таксама праз Маскву.

Цікавасьць да афрыканскага рынку адмыслоўцы тлумачаць найперш тым, што фірмы-адпраўнікі атрымліваюць нядрэнныя камісійныя паводле артыкулу "рызыка". Эўрапейскія кантракты (прынамсі, безвынікова скончыліся перамовы з бэльгійскімі працадаўцамі) прапановаў хабару не прадугледжваюць.


XS
SM
MD
LG