Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЙКЛ КОЗАК: НЕМАГЧЫМА ПЕРАДАЦЬ СЛОВАМІ ЎСЮ НАШУЮ ПАДЗЯКУ БЕЛАРУСКАМУ НАРОДУ


Радыё Свабода.

“Ад імя прэзыдэнта Буша, амрыканскага народу і супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Беларусі мы хочам выказаць нашую глыбокую падзяку за той клопат і падтрымку, якія грамадзяне Беларусі выказвалі нам цягам апошніх некалькіх дзён з моманту жахлівай трагедыі, якая здарылася 11 верасьня ў выніку тэрактаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Але гэта быў напад ня толькі на Злучаныя Штаты. Гэта было ўспрынятае як напад на цывілізацыю ў цэлым. Прынамсі 37 краінаў згубілі сваіх грамадзянаў у гэтай катастрофе. Наколькі нам вядома, сярод зьніклых ёсьць некалькі грамадзянаў Беларусі, і нашыя сэрцы зараз разам з сем’ямі гэтых людзей. Мы спадзяемся і молімся аб тым, каб іх удалося знайсьці, і што яны ня сталі ахвярамі гэтых жахлівых тэрактаў.

Мы, супрацоўнікі Амбасады, былі надзвычай кранутыя тым, што сярод тых, хто прыйшоў выказаць свае спачуваньні, былі ня толькі прадстаўнікі ўраду і палітычныя лідэры, але многія сотні простых грамадзянаў Беларусі, якія пакідалі запісы ў кнізе спачуваньняў, прыносілі кветкі і маліліся за сем’і ахвяраў трагедыі. Немагчыма перадаць словамі ўсю нашую падзяку за гэтае надзвычайнае выказваньне спачуваньня й падтрымкі з боку беларускага народу.

Нашая нацыя застаецца моцнай і адзінай. Як сказаў прэзыдэнт Буш, мы адолеем наступствы гэтай нацыянальнай трагедыі і чалавечых ахвяраў. З часам мы адужаем і ўстанем на ногі, і насуперак усяму гэтаму злу мы застаемся моцнымі і згуртаванымі, “адзінай нацыяй перад абліччам Бога”.

Мы спадзяемся ў бліжэйшыя дні вярнуцца да нармальнае працы ў Беларусі і супрацоўніцтва з нашымі сябрамі ў беларускім грамадзтве. Нам хочацца яшчэ раз падзякаваць кожнаму з вас за тую надзвычайную падтрымку, якую вы прадэманстравалі ў гэты час. Нельга выказаць словамі, наколькі высока мы цэнім вашую падтрымку і вашыя малітвы. Яшчэ раз агромністы дзякуй”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG