Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЕЦЕР ДЛЯ СЬЦЯГУ


Аляксандар Лукашук, Прага

Летась я ехаў у цягніку з маладым хлопцам з палескага мястэчка, студэнтам, які разам з бацькам працуе ў невялічкім сямейным аўтарамонтным бізнэсе. Хлопец выправіўся ў Маскву ў прадстаўніцтва саліднай эўрапейскай кампаніі – яны з бацькам хочуць прадстаўляць фірму ў сваім рэгіёне, стаць ейным дылерам і дыстрыбутарам. Гэта ўжо ня першая такая паездка, яны працуюь паводле пляну фірмы, дапільноўваюць стандарты, сочаць за якасьцю, пашыраюць асартымэнт паслугаў, і спадзяюцца, што за які год выканаюць усе ўмовы, атрымаюць права прадстаўляць ўсясьветна вядомую марку ў сваім далёкім мястэчку.

Раней, сказаў, хлопец, прадстаўніцтва было ў Менску, але пару год як закрылася, і таму цяпер палешукі мусяць ехаць у Маскву, хоць насамрэч да штаб-кватэры фірмы ў Заходняй Эўропе з Палесься бліжэй, чым да расейскай сталіцы. Мы загаварылі пра жыцьцё з цяпершняй уладай і хлопец раптам сказаў:

– Ведаеце, вось як бел-чырвона белы сьцяг зьмянілі, быццам надвор’е сапсавалася – і ужо колькі гадоў дрэннае…

Можна здагадацца, пра што думаў памагаты прэзыдэнта Лукашэнкі Ціцянкоў, калі драў на кавалкі дзяржаўны сьцяг ды пры гэтым вяліся відэаздымкі. Цешыла перамога над дэпутатамі апазыцыі, якіх напярэдадані зьбілі ў залі парлямэнту таямнічыя спэцслужбы – ці не яны потым вырасьлі ў эскадроны сьмерці? Кружыла галаву неабмежаваная, як тады падавалася, улада над краінай і нават гісторыяй, якую разварочвалі назад. Быў і цынічны саўдзел намэнклатуры, і паслухмянае галасаваньне калгаснай вёскі, і хуткая праца мастакоў, якія малявалі сымбалі новай улады.

Зьнявагу сьцягу многія ўспрынялі ня толькі як акцыю палітычную, ідэалягічную, – але і як вельмі асабістую зьнявагу. Была ў гэтым нейкая звыродлівая нялюдзкасьць, як у гвалце над дзіцем. А таксама – нейкая пародыя, далібог, як замах на добрае надвор’е. Можна аднаго разу пасадзіць радыеактыўнае воблака на Беларусь. Наўрад ці можна ўтрымліваць натуральную стыхію дэкрэтамі і скручанымі рэфэрэндумамі.

Ляканічны і выразны, бел-чырвона-белы знак цяпер ўсіх беларусаў у сьвеце наводзіць на думку пра нацыянальны сьцяг, дзе б не сустрэўся. Кроў праступіла праз марлевую павязку, нехта раскрыў новы бел-чырвоны парасон, пажарныя адзнакі на заходнеэўрапейскіх вуліцах, бел-чырвон-белая нашыўка на мантыі хрысьціянскага біскупа, чырвоная чарапіца і белыя сьцены міжземнаморскіх гарадоў – такое ўражаньне, што нацыянальны сьцяг падарожнічае за табой па ўсім сьвеце.

Васіль Быкаў расказваў, як у гэтыя дні тэрарыстычнага нападу на Амэрыку ўключыў тэлівізар і ня мог паверыць сваім вачам: на экране быў бел-чырвона-белы сьцяг. Паказвалі буйны фрагмэнт амэрыканскага сьцягу, быццам складзенага з мноства беларускіх. Вінцук Вячорка назваў тэрарыстучную атаку на Амэрыку атакай на свабоду ўвогуле, у тым ліку – і на свабоду беларусаў. Бел-чырвона-белы быў да месца ў дні амэрыканскай трагедыі.

Нацыянальны сьцяг вярнуўся ў Беларусь у якасьці дзяржаўнага напрыканцы стагодзьдзя на няпоўныя чатыры гады. Але насамрэч ён вярнуўся раней, напрыканцы 80-х, на мітынгах у Курапатах і Чарнобыльскіх шляхах, і застаецца дасюль сьцягам пратэсту і барацьбы, а таксама сьцягам надзеі і маладосьці.

Гэта сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама – сьцяг звычайнага палескага хлопца, які хоча насуперак усяму тлуму пабудаваць Эўропу ў сваім мястэчку. Ён дачакаецца зьмены надвор’я.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG