Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ – 10 ГОД З ДНЯ ПРЫНЯЦЬЦЯ ВЯРХОЎНЫМ САВЕТАМ 12 СКЛІКАНЬНЯ ЗАКОНАЎ АБ ДЗЯРЖАЎНЫМ ГЕРБЕ, СЬЦЯГУ І ЗЬМЕНЕ НАЗВЫ КРАІНЫ


Радыё Свабода.

(Шушкевіч: ) “Рыхтаваліся мы да гэтага даволі доўга – тая частка Вярхоўнага Савету, якая хацела станоўча вырашыць гэтае пытаньне. Але была вялікая небясьпека, што большасьць не падтрымае гэтага, напрыклад, тая праслойка камуністычных, вышэйшых партыйных кадраў, Камай і кампанія, альбо тыя ветэраны, якія былі ў нас, як Качан і кампанія. Яны ці то па недасьведчанасьці, ці то ад азлабленьня на ўсё беларускае хацелі не прыняць гэтую сымболіку.
Мы параіліся і пайшлі вось па якім шляху. Я вырашыў запрасіць тых людзей, аўтарытэт якіх заставаўся высокім, з аднаго боку сярод партыйнай наменклатуры, а з другога боку і сярод тых дэпутатаў, якія з павагай ставяцца да навукі. Былі запрошаныя па маёй ініцыятыве, я іх запрасіў, – прэзыдэнт Акадэміі навук акадэмік Платонаў і былы старшыня прэзыдыюма Вярхоўнага Савету – Таразевіч. Яны зрабілі адзін і другі выступленьні. Платонаў, як чалавек высокаадукаваны, зрабіў цудоўнае выступленьне, гаварыў, што ёсьць навуковае пацьверджаньне, што гэта даўняя беларуская сымболіка, яна адпавядае гэтым людзям, гэтай мясьціне. А Георгі Станіслававіч Таразевіч як бы абвяргаў вэрсію, якая існавала тады ў партыйных колах, што гэта сымболіка часоў нямецкай акупацыі, часоў другой сусьветнай вайны, што фашысты забівалі тут усіх пад гэтымі сьцягамі. Вось гэтыя два чалавекі фактычна і вырашылі лёс гэтага галасаваньня.

Трэба было набраць ня менш як 173 галасы. Вынік галасаваньня быў такі – 173 галасы “за”.

І вельмі я цешыўся з гэтай нагоды, таму што калі ўжо гаварыць зусім шчыра, то маім настаўнікам у Вярхоўным Савеце быў той самы Лук’янаў – вораг Беларусі і беларускасьці, заядлы камуніст, натхняльнік перавароту, які быў у 1991 годзе, але ён быў вялікім майстрам выбраць момант для галасаваньня, выбраць сытуацыю. Я ў яго таму-сяму навучыўся і мне здаецца, што ў патрэбны момант паставіў гэтае пытаньне на галасаваньне, і яно набрала 173 галасы.

Думаю, што сьлед гэтага галасаваньня надоўга будзе ў беларускай памяці і паспрыяе ў свой час адраджэньню гэтай сымболікі – і сьцяга і Пагоні”.

XS
SM
MD
LG