Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСІ ДАЛІ НОВЫ ТЭРМІН…”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Вынікі выбараў, піша Вадзім Дубноў, які быў тымі днямі ў Менску, былі да такой ступені бесшабашнымі, што прывялі ў аняменьне ня толькі апазыцыю, але нават і старшыню Цэнтарвыбаркаму. “У тым, што нічога нечаканага не адбылося, апазыцыя прызнаецца самой сабе пазьней. Таму што толькі Лукашэнка быў здольны з такой шчырасьцю арганізаваць выбары так, каб сам працэс падліку галасоў ператварыць ў трывіяльную даніну прыстойнасьцям. І калі так і засталося незразумелым, якую менавіта перамогу зьбіралася сустракаць апазыцыя ўжо празь пяць хвілінаў пасьля закрыцьця выбарчых участкаў, то афіцыйная машына галасаваньня была адладжанай да такой ступені, што ёй было ўсё роўна, калі і які выдаваць вынік – што ў хвіліну закрыцьця ўчасткаў, што ў хвіліну адкрыцьця, – піша Вадзім Дубноў у часопісе “Новое время”.

Далей расейскі аўтар распавядае і пра сакрэтна надрукаваную незадоўга да выбараў адмысловую інструкцыю ў дапамогу сябру выбарчай камісіі, і пра тое, як уначы перад галасаваньнем зьнікалі скрыні для галасаваньня, і пра прымусовае папярэдняе галасаваньне. Але Вадзіма Дубнова цікавіць, чаму “такая доўгачаканая рэвалюцыя так элегантна захлынулася?”

Далей ён дае свае адказы .“Справа ва ўнікальным характары гэтай рэвалюцыі. І мэтамарфозах таго, што ўсе прывыклі лічыць апазыцыяй. Лукашэнка ня мог прайграць – проста таму, што ў выніку пакутлівага і доўгачаканага аб’яднаньня апазыцыі яе аб’ектыўна ня мог ачоліць ніхто, акрамя чалавека, уся біяграфія якога складаецца зь пераліку другасных партыйных пасадаў і як вынік першаснай прафсаюзнай. Самы невыразны з усіх апазыцыйных фаварытаў Уладзімер Ганчарык стаў вянцом усёй дзесяцігадовай гісторыі незалежнай Беларусі і сямігадовай антылукашэнкаўскай фронды, да якой яшчэ ўчора ніякага дачыненьня ня меў”.

Вадзім Дубноў піша, што разнастайная апазыцыя ад правых да камуністаў разумела, што Ганчарык ня іхны кандыдат, але, каб ня зьвесьці шанцы на перамогу над Лукашэнкам да нулю, “прызнала рэальнасьць і стала вядомай у тых, хто толькі і мог такі шанец хоць неяк разьвіць, – у намэнклятуры”. “Натхняльнікам і арганізатарам бітвы з Лукашэнкам”, на думку аўтара “Нового времени”, стаў Васіль Лявонаў, чыя “асабістая і магутная помста пераплавілася ў клясавую і намэнклятурную”.

Спадар Дубноў прцягвае свае высновы: “У Беларусі склалася ўнікальная сытуацыя. Лукашэнка зусім не засноўваў у Беларусі запаведніку сацыялізму – ён толькі давёў да лягічнага абсалюту асноўны сацыялістычны прынцып усяўладзьдзя намэнклятуры пры поўным, які ня сьніўся ніводнаму генсеку, над ёй кантролем. У гэтым посьпеху і хаваліся карані намэнклятурнага бунту – спакусы настаўшых несацыялістычных часоў падточвалі здавалася б непарушны каркас, перагрэў вёў да выбуху, а кляпанаў лукашэнкаўская сыстэма якраз і ня мела на мэце”.

Аўтар артыкулу “Бульба-фры, або Беларусі дадалі тэрмін” бачыць пэрспэктыўнасьць намэнклятурнага бунту і праз пяць гадоў: “Па выніках пасьлявыбарнага аналізу Лукашэнку наканавана ў найбліжэйшы час арганізаваць вялікія агледзіны сваіх кадраў, і раць адвержаных чакае багатае папаўненьне. Бо яшчэ адзін нюанс лукашэнкаўскай пабудовы ўлады заключаецца ў тым, што пры ўсім ягоным усяўладзьдзі ён ня можа аднога – адступаць”.

У тым, што выбары можа не прызнаць усясьветная супольнасьць, на думку Вадзіма Думнова, для беларускіх уладаў няма нічога страшнага. “Што яшчэ можа напужаць беларускі рэжым, што жыве ва ўмовах такога непрызнаньня зь 99-га, а па вялікаму рахунку і зь 96-га году? Адмовай у крэдытах і інвэстыцыях? Дык імі ўжо даўно ня пахне. Байкотам на аанаўскіх самітах? Дык Лукашэнка сам падыйдзе да Буша, як ён падыходзіў да нічога не зразумеўшага Клінтана. І сам абдымецца. Посахаў у пэўным сэнсе мае рацыю: сьвету, сапраўды, не да Беларусі – сьвету пакуль зусім дастаткова Македоніі”.

А вось Расеі…Але і тут Вадзім Дубноў зазначае, што “лірычныя адступленьні на тэму вечнага саюзу вычарпаныя, і рытуаламі ўжо нікога не падманеш… І нават шчасьліва на першы погляд завершаная гісторыя цяперашняй барацьбы за маскоўскую перадвыбарную прыязнасьць абяцае невясёлыя пэрспэктывы.”

Чаму Масква, якая вельмі доўга вытрымлівала нэўтралітэт, раптам падтрымала Лукашэнку? Разгадку аўтар “Нового времени” знаходзіць у агучаным расейскім “Лукойлам” абяцаньні ўкласьці ў беларускую эканоміку адзін мільярд даляраў. Расейскія кампаніі, якія прайграюць на заходнім капрамку, зацікавіліся беларускімі прадпрыемствамі – “Нафтанам”, МАЗам, “Азотам”, “Беларуськаліем”. “Цяпер, калі свабода манэўраў у дачыненьнях з Крамлём звузіцца да банальнага, але вельмі жорсткага гандлю, паводзіць сябе па-старому ўжо “чаравата”… І Лукашэнку, падаецца, прыйдзецца пагаджацца на схему, увогуле знаёмую, але некалькі адаптаваную да цяперашніх прагматычных часоў.”

Вадзім Дубноў прцягвае сваю думку: “У тыя часы, калі Масква хай і з дрэнна прыхаванай пагардай, але аддавалася рытуальнаму разьбіваньню чарак аб мармуровыя падлогі Крамлю, пэрспэктыва “згубіць Беларусь” лічылася ледзь не самазабойствам. Дый Захад яшчэ меў нейкія ілюзіі. Цяпер ні таго, ні іншага ўжо няма. І тут гаворка ідзе ўжо пра самыя што ня ёсьць палітычныя рызыкі”.

Цяпер Лукашэнка пужае Маскву апазыцыяй: “Калі заўтра да беларускай улады прыйдзе нехта больш ці менш у розуме, кошт таго ж “Нафтану” ўзрасьце несувымерна, бо за яго прыйдзецца супернічаць, прыкладам, з “Шэллам”. “Што ж застаецца “Лукойлу”, Дзерыпаску, важаку “Ітэры” Макараву, а ўсьлед за імі Пуціну? Тое-сёе, зрэшты, застаецца – ходзяць упартыя чуткі, што, абяцаючы мільярд Лукашэнку, “Лукойл” тым-сім дапамог і апазыцыі. Калі гэта так, то таксама лягічна – дапамагчы Ганчарыку, каб пасьля яшчэ пагандлявацца з Лукашэнкам. Тэхналёгія вельмі нават пісьменная, асабліва калі яе абагульніць і пашырыць на справы міждзяржаўныя. На пачатку выбарчай кампаніі апазыцыю ж з усёй ветлівасьцю сустракалі ў Крамлі. На той момант гэта называлася нэўтралітэтам. Так што атрымліваецца, тэрмін дадалі ня толькі Беларусі”, – завяршае свой аналіз вынікаў пэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі вядомы расейскі палітоляг і публіцыст Вадзім Дубноў.

XS
SM
MD
LG