Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎТАР ПЕСЬНІ “БОЖА, БЛАСЛАВІ АМЭРЫКУ” – ЗЬ БЕЛАРУСІ


Радыё Свабода.

Яго сям’я эмігравала ў Аэрыку, ратуючыся ад габрэйскіх пагромаў, і Бэйлін пачаў працаваць як афіцыянт і сьпявак у рэстаранах. Пазьней гэта падштурхнула яго да напісаньня песьняў. Ірвінг Бэрлін – аўтар больш як 900 песьняў, некалькіх м’юзіклаў і музыкі да фільмаў.

Данчык згадвае найбольш вядомыя творы Ірвінга Бэрліна.

(Данчык: ) “Я залез цяпер у Інтэрнэт і гляджу, колькі такіх песьняў, якія амаль кожнаму амэрыканцу вядомыя, напісаныя менавіта Ірвінгам Бэрлінам. Гэта і такая песьня, як “Нама такога бізнэсу, як шоў-бізнэс”, і такая, як “Парад на Вялікдзень”. На Каляды ў Амэрыцы, бадай, самая ўлюбёная песьня пасьля “Ціхай начы”, гэта таксама песьня Бэрліна “Мне сьняцца белыя Каляды”. Проста неверагодна. Калі прачытаеш увесь сьпіс песьняў, якія ён напісаў, дык думаеш, няўжо гэта напісаў менавіта ён. Бо гэта такія песьні, што ўсе амэрыканцы ведаюць мэлёдыю, калі ня словы”.

(Ціхановіч: ) “А словы гэтых песьняў пісаў таксама Бэрлін?”

(Данчык: ) “Так, так. Цікава, што ён пісаў як рамантычныя, так і патрыятычныя песьні. Большасьць зь іх былі для брадвэйскай сцэны ці для кіно. І цяпер яшчэ на Брэдвэі ідуць яго песьні, для якіх ён напісаў словы і музыку. Што самае цікавае, гэты чалавек быў абсалютна непісьменны музычна, ня меў ніякай музычнай адукацыі, ня знаў граць на фартэпіяна. Дый звычайнай адукацыі ў яго было толькі два гады, як пішацца”.

(Ціхановіч: ) “Але бацька яго быў музычным чалавекам, сьпяваў у сінагозе. Паводле нашай інфармацыі, ён прыехаў у Амэрыку, калі яму было 8 год. Цяжка меркаваць, ці мог ён прывезьці з сабой нейкія музычныя традыцыі зь Беларусі. На якіх песьнях выхоўваўся ты? Ці можаш сказаць, што на песьнях чалавека, які шмат гадоў да таго, як ты нарадзіўся, апынуўся ў Амэрыцы зь Беларусі?”

(Данчык: ) “Абсалютна. Ягоныя песьні – гэта амэрыканскі фальклёр. Адзін амэрыканскі выдатны кампазытар Джэром Корнз сказаў, што Ірвінг Бэрлін ня мае месца ў амэрыканскай музыцы, ён сам ёсьць амэрыканская музыка. І таму ягоныя песьні мелі ўплыў на ўсіх. І сапраўды цікава, што ён ня толькі беларус з паходжаньня, так як і я, але яшчэ ён жыў і выхоўваўся ў тым жа раёне Нью-Ёрку, дзе я выхоўваўся”.

(Ціхановіч: ) “Раскажы нашым слухачам, пра што сьпяваецца ў песьні “Божа, блаславі Амэрыку”. Калі і як яна была напісаная?”

(Данчык: ) “Здаецца, яна была напісаная ў 1939 годзе. Якраз тады вайна пачалася… І вельмі рэдка сьпяваецца гэтая прэамбула, гэтыя чатыры радкі, што пачынаюць гэтую песьню. Там такія словы – калі штармавыя хмары зьбіраюцца за акіянам, давайце прынясем прысягу зямлі, якая свабодная, будзьма ўдзячныя за прыгожую краіну і ўзвысім нашыя галасы ва ўрачыстай малітве. І тады пачынаюца тыя словы, якія ведаюць усе – “Божа, блаславі Амэрыку, краіну, якую я люблю. Стой каля яе, вядзі яе праз ноч пры сьвятле зь нябёсаў. Ад гораў да далінаў, да акіянаў, Божа блаславі Амэрыку, мой мілы дом”. Цікава падкрэсьліць, што не карэнны амэрыканец напісаў такія прачулыя словы, што кранаюць кожнага амэрыканца. Яму Амэрыка была больш дарагая, чым карэннаму амэрыканцу”.

(Ціхановіч: ) “Гэта сапраўднае ўсьведамленьне каштоўнасьці амэрыканскай свабоды”.

XS
SM
MD
LG