Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДА ЗША АДМОВІЛАСЯ АД ЗАПРАШЭНЬНЯ НА ЛУКАШЭНКАВУ ІНАЎГУРАЦЫЮ


Юры Сьвірко, Менск

На заўтрашняй інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі будуць прысутныя ўсе амбасадары суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў. Наконт Расеі ды Ўкраіны, чые прэзыдэнты асабіста павіншавалі спадара Лукашэнку зь перамогай, ніякага сумневу і не было.

Але і амбасадары Польшчы й Літвы — краінаў, якія хочуць уступіць у Эўразьвяз і далучыліся да ягонай заявы пра беларускія выбары — таксама пойдуць на інаўгурацыю. Пра гэта мне сёньня афіцыйна сказалі ў польскай і літоўскай амбасадах.

Што да апошняй суседкі — Латвіі, дык яе павераны ў справах у Беларусі будзе заўтра ў службовай камандзіроўцы, таму на інаўгурацыю пойдзе другі сакратар амбасады.

Ад Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі на заўтрашняй імпрэзе ў Палацы Рэспублікі будзе палітычны дарадца КНГ Эндру Карпэнтэр — іншых кіраўнікоў гэтай групы АБСЭ часова няма ў Менску.

Якія яшчэ амбасадары пойдуць на інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі? Вось як адказаў на гэтае пытаньне прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Павал Латушка:

(Латушка: ) "На гэты момант я магу сказаць, што Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь атрымала пацьверджаньні ад 43 кіраўнікоў дыпляматычных прадстаўніцтваў, консульскіх установаў, а таксама прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў.

Пацьвердзілі ўдзел у заўтрашняй інаўгурацыі пасол Вялікабрытаніі, пасол Грэцыі, пасол Італіі, пасол Фэдэратыўнае Рэспублікі Германія, пасол Літвы, пасол Польшчы..."

(Карэспандэнт: ) "Ці пацьвердзіў свой удзел амбасадар ЗША Майкл Козак?"

(Латушка: ) "Мы атрымалі ад іх ноту, у якой гаворыцца аб тым, што яны ня будуць прымаць удзел у заўтрашняй інаўгурацыі", — паведаміў спадар Латушка, начальнік управы інфармацыі МЗС.

Амбасада ж Злучаных Штатаў у Беларусі й сёньня адмовілася адказваць на пытаньне, ці пойдзе амбасадар Майкл Козак на Лукашэнкаву інаўгурацыю. Нагадаю, напярэдадні амэрыканскі Белы дом заявіў, што Аляксандар Лукашэнка — "апошні дыктатар Эўропы, які скраў выбары ў беларускага народу", а Міністэрства замежных справаў у адказ абвінаваціла Вашынгтон у імкненьні любымі шляхамі зьмяніць дзяржаўны лад у Беларусі.

МЗС таксама паспрабавала супрацьпаставіць пазыцыю ЗША пазыцыі Эўрапейскага Зьвязу і нават заклікала "эўрапейскія дзяржавы ўсталяваць адносіны дзелавога супрацоўніцтва, грунтуючыся на прынцыпах неўмяшальніцтва".

Таму я патэлефанаваў па камэнтар у амбасаду Італіі ў Менску, якая прадстаўляе тут цяперашняга старшыню Эўразьвязу Бэльгію. Але італійскі амбасадар Стэфана Бэнацца адмовіўся ад камэнтароў.

Неафіцыйныя камэнтары амбасадаў краін Эўразьвязу былі сёньня больш цікавымі. У адной зь іх мне сказалі, што дагэтуль не было ніводнай ноты ці ліста зь віншаваньнем Аляксандру Лукашэнку з нагоды перамогі на выбарах, таму рабіць выснову пра прызнаньне іхных вынікаў эўрапейскімі амбасадарамі ня трэба.

У іншай амбасадзе зазначылі, што кіраўнікі ўсіх місіяў Эўразьвязу дзейнічаюць заўсёды скаардынавана, а наконт прызнаньня спадара Лукашэнкі сказалі: "Каму ўручыў амбасадар ЗША Майкл Козак свае даверчыя граматы? І ці значыць гэта, што ЗША прызнаюць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам?"

У трэцяй амбасадзе краіны-сябра Эўразьвязу пра інаўгурацыю выказаліся яшчэ цікавей: "Чаму б не схадзіць на бясплатнае шоў?"

Шоў сапраўды абяцае быць цікавым. Пасьля прывядзеньня Аляксандра Лукашэнкі да прысягі, якое пачнецца апоўдні, прысягаць спадару Лукашэнку на Кастрычніцкай плошчы будуць вайскоўцы.

Учора там адбылася генэральная рэпэтыцыя пад кіраўніцтвам міністра абароны Леаніда Мальцава, якога Аляксандар Лукашэнка ў свой час звольніў з пасады міністра "за ўчынак, які дыскрэдытуе званьне афіцэра". Заўтра гэнэрал-палкоўнік Мальцаў, які яшчэ ўчора быў генэрал-лейтэнантам, зачытае на пляцы тэкст клятвы, пасьля якога 10 гэтак званых "каробак" вайскоўцаў тройчы крыкнуць "Клянёмся!"

Пасьля гэтага ў беларускай арміі будуць служыць людзі, якія прысягалі тройчы: спачатку Савецкаму Саюзу, потым Рэспубліцы Беларусь, а цяпер Аляксандру Лукашэнку.

Лукашэнкаў прэсавы сакратар Мікалай Барысевіч паабяцаў, што ў часе заўтрашняй цырымоніі спадар Лукашэнка будзе ў цывільным, а ня ў форме галоўнакамандуючага з генэральскімі лампасамі на штанах і гербамі на пагонах. Крыніца ў адміністрацыі тлумачыць гэта тым, што Аляксандар Лукашэнка проста не пасьпеў бы пераапрануцца ў жывым тэлеэфіры, а інаўгуравацца ў мундзіры было б сьмешна.

XS
SM
MD
LG