Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗА НЕСПРЫЯЛЬНЫЯ ЛУКАШЭНКУ ВЫНІКІ ГАЛАСАВАНЬНЯ Ў ГОРАДНІ ЗЬНЯЛІ З ПАСАДЫ СТАРШЫНЮ ГАРАДЗЕНСКАГА ГАРВЫКАНКАМУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У панядзелак у старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі разьбіралі вынікі выбараў. Абласны начальнік застаўся незадаволены тым, як галасавалі жыхары Горадні, Анатоль Пашкевіч на разглядзе адсутнічаў. У гарвыканкаме адказвалі, што ён нібыта ўзяў адпачынак, насамрэч яму давялося напісаць заяву аб звальненьні. Цяпер ён будзе забясьпечваць гарадзенцаў хлебам. Былы дырэктар "Хлебпраму" заўчасна памёр улетку, і пасада заставалася вакантнай.

Анатоль Пашкевіч 5 гадоў кіраваў горадам. Папярэдняга старшыню гарвыканкаму Аляксандар Лукашэнка звольніў асабістым указам у верасьні 1996 году. На гэтай пасадзе патрэбны быў свой чалавек, і Анатоль Пашкевіч ім стаў. Служыў, як мае быць. Агітаваць за Лукашэнку пачаў яшчэ за 4 месяцы да выбараў. Заклікаў на мітынгу пэнсіянэраў даць апошні бой і перамагчы, зноў абраўшы Лукашэнку. Дзеля ягонай перамогі Пашкевіч таксама ўсё рабіў і ў пэрыяд выбарчай кампаніі.

Што ж магло не спадабацца абласному начальству? Дакладна адказаць на гэтае пытаньне вельмі няпроста. Вынікі галасаваньня па-сутнасьці засакрэчаны самімі ўладамі. Калі абласная выбарчая камісія абнародавала зьвесткі, журналісты прысутнічалі.

Аднак яны атрымалі толькі агульныя зьвесткі аб галасаваньні ў вобласьці і некаторыя рэкордныя лічбы галасоў за Лукашэнку ў паасобных раёнах. Задаваць пытаньні не дазволілі і папрасілі пакінуць памяшканьне. Старшыня камісіі Міхаіл Енка на разьвітаньне сказаў журналістам, што ўсе патрэбныя зьвесткі яны прачытаюць у газэтах.

Пасьля выбараў мінула 10 дзён, але жыхары гораду дагэтуль ня ведаюць, як яны галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах. Сёньня я наведаў спадара Енку, ён сказаў наступнае:

(Енка: ) "Дэталёвых зьвестак аб галасаваньні ў Горадні і раёнах мне ніхто ня дасьць. Яны адасланыя ў Цэнтарвыбаркам і здадзеныя ў архіў. А выбарчая камісія скасаваная".

Паводле дадзеных незалежнага назіраньня, за Ўладзімера Ганчарыка ў Горадні прагаласаваў прыблізна кожны трэці.

XS
SM
MD
LG