Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦЬ БЫЛОГА КІРАЎНІКА СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ МЕНСКАГА АЎТАЗАВОДУ ЗАВЯЛІ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ


Міхал Стэльмак, Менск

Справу распачаў камітэт фінансавых расьсьледаваньняў, які абвінавачвае Міхаіла Марыніча ў крадзяжы і ўтойваньні прафсаюзных дакумэнтаў. Старшы лейтэнант фінансавай міліцыі Віктар Маркоўскі, які вядзе справу, лічыць, што спадар Марыніч наўмысна ўтойвае дакумэнты па фінансавай дзейнасьці Свабоднага прафсаюзу з 1997-га па 1999-ы гады. Тым самым, паводле фінансавага сьледчага, Міхаіл Марыніч нібыта перашкаджае дзяржаўным органам праверыць выкарыстаньне прафсаюзных грошай.

Былы лідэр Свабоднага прафсаюзу МАЗу зараз працуе сьлесарам на Менскім заводзе аўтапрычэпаў "МАЗ-Купава". Вось як пракамэнтаваў ён нашаму радыё абвінавачаньне на свой адрас:

(Марыніч: ) "Рэч у тым, што ў сьнежні 1999 году адміністрацыя Менскага аўтазаводу гвалтоўна забараніла першасную суполку Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, забрала ўсе дакумэнты, асабістыя рэчы ў мяне, майго бугальтара і майго намесьніка. І потым яна вярнула гэтыя рэчы аж у жніўні 2000 году бяз вопісу. І сярод гэтых рэчаў ужо не было тых дакумэнтаў, якія патрабавала падатковая інспэкцыя па Заводзкаму раёну Менску. Але гэта не прынялі да ўвагі і на мяне пачалі крымінальную справу".

Паводле словаў спадара Марыніча, усё пачалося два гады таму, калі на МАЗе дзейнічала суполка Свабоднага прафсаюзу на 1500 чалавек. У лістападзе 1999-га рабочыя правялі сход у абарону сваіх правоў. За гэта адміністрацыя МАЗу і ўлады абвінавацілі прафсаюз у незаконнай дзейнасьці. Вынікам стаў жорсткі перасьлед прафсаюзных актывістаў. Тагачаснага лідэра Свабоднага прафсаюзу прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці, яму шмат месяцаў адмаўлялі ў праве на працу.

Летась Міжнародная арганізацыя працы выказала пратэст беларускім уладам у сувязі з парушэньнем правоў Міхаіла Марыніча. І вось распачалі новы перасьлед прафсаюзнага актывіста:

(Марыніч: ) "Самае галоўнае, што паводле Закону аб прафсаюзах рэдакцыі 1992 году, іхная фінансавая дзейнасьць не кантралююецца дзяржавай. Але тыя, хто займаецца маёй справай, на гэта ня зьвяртаюць увагі. Яны патрабуюць дакумэнты".

(Карэспандэнт: ) "На ваш погляд, чаму менавіта зараз адноўленая гэтая справа?"

(Марыніч: ) "Я лічу, што гэтая справа тычыцца ня нашай арганізацыі і не мяне асабіста. Гэта палітычная справа, таму што закрыцьцё прафсаюзу было гвалтоўным, незаконным. І ўлады шукаюць адказнага за ўсё гэта", — лічыць Міхаіл Марыніч.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG