Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ МЗС: ЗША ЛЮБЫМІ ШЛЯХАМІ СПРАБУЮЦЬ ЗЬМЯНІЦЬ ДЗЯРЖАЎНЫ ЛАД У БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск


Пасьля пералічэньня афіцыйных зьвестак пра адсоткі выбарцаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні ды якія прагаласавалі за Аляксандра Лукашэнку, а таксама пра 20 тысячаў розных назіральнікаў, Міністэрства замежных справаў Беларусі "прапануе эўрапейскім дзяржавам перайсьці да дэмакратызацыі стасункаў".

МЗС заяўляе, што 20 верасьня Аляксандар Лукашэнка будзе прыведзены да прысягі й заступіць на пасаду, а потым дадае: "Народ Беларусі зрабіў свой выбар, праявіўшы мудрасьць і сталасьць, і з гэтым выбарам эўрапейскія дзяржавы й ЗША мусяць пагадзіцца".

Далей ідзе галоўны сказ заявы МЗС, прынятай у адказ на заяву прэсавага сакратара прэзыдэнта ЗША пра несапраўднасьць беларускіх выбараў: "Намер Вашынгтону абвергнуць вынікі выбараў і навязаць эўрапейскай супольнасьці лінію на адмову ад супрацоўніцтва зь беларускім Урадам лішні раз пацьвярджае імкненьне ЗША любымі шляхамі зьмяніць дзяржаўны лад у Рэспубліцы Беларусь".

Беларускае МЗС заяўляе, што "такія дзеяньні Вашынгтону скіраваныя на раскол грамадзянскае супольнасьці ў Рэспубліцы Беларусь і супярэчаць асновам міжнародных адносінаў".

Гэтай заявай "Рэспубліка Беларусь заклікае эўрапейскія дзяржавы ўсталяваць стасункі дзелавога супрацоўніцтва, грунтуючыся на прынцыпах неўмяшальніцтва й праве народу вызначаць свой лёс".
XS
SM
MD
LG