Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІЯ ПАЛІТЫКІ КАМЭНТУЮЦЬ ЗАЯВУ ПРЭЗЫДЭНТА ЗША ПРА БЕЛАРУСКІЯ ВЫБАРЫ


Юры Сьвірко, Менск

(Ганчарык: ) "Ну як я магу пракамэнтаваць? Гэтага трэба было чакаць, калі йсьці на такую фальсыфікацыю масавую. Са свайго боку я такую заяву аб парушэньнях зрабіў у Цэнтарвыбаркам, а цяпер у суд — Вярхоўны суд".

(Карэспандэнт: ) "Ці будзе нейкае пагаршэньне стасункаў з ЗША?"

(Ганчарык: ) "Яны й так ня вельмі добрыя. Я не магу гаварыць за Буша, што ён думае. Я ведаю, што калі такая палітыка будзе працягвацца, дык будзе ў заняпадзе народ Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Таксама Буш абяцае падтрымку беларускаму народу ў вяртаньні да дэмакратыі. Як вы да гэтага ставіцеся?"

(Ганчарык: ) "Я станоўча стаўлюся да падобных заяваў — ня толькі Буша, таму што станаўленьне грамадзянскае супольнасьці, падтрымка грамадзкіх, палітычных арганізацыяў — вельмі патрэбная рэч. У тым ліку і незалежных сродкаў масавае інфармацыі", — сказаў Уладзімер Ганчарык, які быў кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

А вось меркаваньне міжнароднага каардынатара "Хартыі-97" Андрэя Саньнікава.

(Саньнікаў: ) "Той факт, што Злучаныя Штаты робяць такую заяву ў час, калі яны самі апынуліся ў становішчы катастрофы, трагічным становішчы, сьведчыць аб сур'ёзным падыходзе Злучаных Штатаў увогуле да пытаньняў дэмакратыі ў сьвеце.

І вось тое, што пасьля выбараў прэзыдэнцкіх у Беларусі Злучаныя Штаты так ацанілі дзеяньні ўладаў, сьведчыць аб тым, што ўвага, якая надавалася Злучанымі Штатамі пытаньням дэмакратызацыі ў нашай краіне й увогуле ў рэгіёне, у сьвеце, па-ранейшаму застаецца прыярытэтам Злучаных Штатаў.
Так, гэта даволі рэзкія словы, але становішча ў сьвеце зьмянілася пасьля 11 верасьня. Зараз, я лічу, недапушчальныя падвойныя стандарты ў дачыненьні да недэмакратычных краінаў, таму што менавіта недэмакратычныя краіны, краіны з аўтарытарнымі, таталітарнымі рэжымамі й правакуюць вось такія акты тэрарызму ў сьвеце", — зазначыў Андрэй Саньнікаў, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі.

Ад цяперашніх супрацоўнікаў МЗС камэнтары да заявы Джорджа Буша пакуль не прыйшлі. Але, як чакаецца, пазьней сёньня беларускае дыпляматычнае ведамства выступіць са сваёй заявай з гэтай нагоды.

Мікалая Барысевіча, беларускага калегу Ары Флэйшэра, які абнародаваў у Вашынгтоне пісьмовую заяву ад імя прэзыдэнта ЗША, сёньня знайсьці не ўдалося.

З прадстаўнікоў афіцыйнага Менску быў даступны толькі Мікалай Чаргінец, кіраўнік Лукашэнкавай ініцыятыўнай групы на выбарах.

(Чаргінец: ) "Нам яшчэ самім (асабіста мне не зразумела), ці абраны Буш прэзыдэнтам. Ці, можа, ён скраў у амэрыканскага народу вось гэтае прэзыдэнцтва. Але ж лічбы так і не былі апублікаваныя — зьвесткі пра вынікі. Вядома, чалавек з такой псыхалёгіяй можа так судзіць і пра іншага прэзыдэнта.

Але ж мы б яму параілі па-добраму: перш чым раскідвацца такімі словамі — кіраўніку гэткай вялікай дзяржавы, якімі ёсьць Злучаныя Штаты Амэрыкі, — трэба быць усё ж такі больш удумлівым да сваіх словаў і заяваў", — сказаў спадар Чаргінец, які ачольваў перадвыбарчую ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG