Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ СУД ПАКАРАЎ АПАЗЫЦЫЯНЭРА БУЙНЫМ ШТРАФАМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Гэтая справа цягнецца ўжо паўгода. Уладзімер Раманоўскі сапраўды быў адным з арганізатараў сьвяточных мерапрыемстваў, арганізаваных апазыцыяй у Менску 25 сакавіка. Спадар Раманоўскі ў той дзень удзельнічаў у шэсьці ад Юбілейнай плошчы да праспэкту Машэрава. (Маршрут гэтай дэманстрацыі быў узгоднены арганізатарамі з кіраўніцтвам сталічнай міліцыі.)

У мітынгу каля помніка гораду Менску Уладзімер Раманоўскі ўдзелу ня браў. Тым ня менш, празь некалькі дзён міліцыянты аформілілі пратакол, дзе было запісана, што Раманоўскі нібыта быў актыўным удзельнікам гэтага недазволенага мітынгу.

У траўні справу Ўладзімера Раманоўскага завочна разгледзеў раённы суд, прызнаў яго вінаватым і пакараў штрафам 150 мінімальных заробкаў. Менскі гарадзкі суд адмяніў тое рашэньне, бо паводле закону чалавек ня можа быць асуджаны завочна і накіраваў справу на новы разгляд у той жа Цэнтральны райсуд. Гэтае рашэньне было прынятае літаральна за тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў.

Для таго, каб вынесьці рашэньне, судьдзі Натальлі Вайцяховіч сёньня спатрэбіўся амаль цэлы рабочы дзень. Нягледзячы на паказаньні сьведкаў-міліцыянтаў, якія казалі, што ня бачылі Ўладзімера Раманоўскага 25 сакавіка на недазволеным мітынгу, а таксама на заўвагу абароны, што паводле Адміністрацыйнага кодэксу чалавек мусіць быць асуджаны не пазьней чым праз 2 месяцы ад моманту правапарушэньня, Раманоўскага-такі пакаралі штрафам 150 мінімальных заробкаў (цяпер гэта каля 760 даляраў). Уладзімер Раманоўскі так пракамэнтаваў гэтае рашэньне судзьдзі:

(Раманоўскі: ) "Суд даказаў, што ён па-ранейшаму трымаецца абвінаваўчага характару, і пра справядлівасьць цяпер гаварыць не выпадае. Я яшчэ раз пераканаўся, што суд ня ў стане дзейнічаць у строгай адпаведнасьці з законам".

Гэтае рашэньне Ўладзімер Раманоўскі абскардзіць у судзе вышэйшай інстанцыі.
XS
SM
MD
LG