Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАЖ – ПРЫЧЫНА НЕПАРАЗУМЕНЬНЯ ПАМІЖ ПРАФСАЮЗАМІ І РАЙВЫКАНКАМАМ МАСТОЎ


Міхал Стэльмак, Масты

Гараж стаў аб'ектам канфлікту паміж Свабодным прафсаюзам і Мастоўскім райвыканкамам. Як паведаміла на паседжаньні старшыня раённага суду Галіна Грудзкая, у Мастах такі канфлікт разглядалі ўпершыню.

Некалькі месяцаў таму на прадпрыемстве "Самана-плюс" утварылася суполка Свабоднага прафсаюзу. Сябрамі суполкі сталі 55 рабочых дрэваперапрацоўчага прадпрыемства. Адміністрацыя "Саманы-плюс" адмовілася даць суполцы юрыдычны адрас. Таму адзін зь сяброў прафсаюзу Аляксандар Сямёнаў прапанаваў зарэгістраваць суполку па месцы свайго гаража. Аднак райвыканкам выступіў супраць.

Як патлумачыў на судовым паседжаньні начальнік упраўленьня райвыканкаму Генадзь Сьнітко, мясцовая ўлада аргумэнтуе гэта тым, што ў гаражы, маўляў, непрымальныя санітарныя ўмовы.

Прадстаўнікі Свабоднага прафсаюзу заявілі на судзе, што пытаньне рэгістрацыі мае палітычны падтэкст. На іхную думку, улады сьвядома процідзейнічаюць рэгістрацыі.

Паводле словаў кіраўніка суполкі Свабоднага прафсаюзу Валер'я Ерамянчука, рабочыя"Саманы-плюс" бралі актыўны ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

(Ерамянчук:) "Вельмі многія былі назіральнікамі. Іх адхілілі, павыганялі. Я сам быў назіральнікам, езьдзіў па выбарчых участках, куды мяне спрабавалі не пусьціць. За рукі хапалі. Міліцыянт крычаў: "Я вас зараз перастраляю!" — прыгадаў Валеры Ераменчук.

Паводле ягоных словаў, пасьля выбараў патрэба ў прафсаюзе ня зьнікла. Але грамадзкая актыўнасьць раздражняе наймальніка і ўлады. Гэта, дарэчы, пацьвердзіла і судовае паседжаньне.

Прадстаўнік райвыканкаму запатрабаваў агледзець гараж, які рабочыя прапанавалі для юрыдычнага адрасу. Удзельнікі паседжаньня мусілі выехаць на ўскраіну райцэнтру, у гараж. Агледзіны прайшлі з удзелам пажарніка і санэпідэміёляга. Ад імя ўладаў спадар Сьнітко заявіў суду, што гараж не адпавядае нормам санітарнай і пажарнай бясьпекі. З гэтым не пагадзіліся прадстаўнікі Свабоднага прафсаюзу. Судзьдзя Грудзкая параіла бакам знайсьці больш цывілізаванае памяшканьне. Паводле судовага рашэньня, райвыканкам мусіць дапамагчы прафсаюзу ў пошуку новага юрыдычнага адрасу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG