Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІ “МАКДОНАЛЬДЗ” ЗНОЎ АДДАЕ ПЕРАВАГУ ГАЛЯНДЗКАЙ БУЛЬБЕ


Віталь Цыганкоў, Менск

Па вырошчваньні бульбы на душу насельніцтва Беларусь займае ў сьвеце 1-е месца, а ў вытворчасьці ўваходзіць у дзясятку міжнародных лідэраў. Аднак за апошняе дзесяцігодзьдзе экспарт бульбы зьменшыўся ў некалькі разоў.

Ураджайнасьць гэтай непатрабавальнай культуры па-ранейшаму, як і ў даіндустрыйныя часы, залежыць найперш ад надвор'я. У 1999-м годзе ўраджайнасьць склала 92 цэнтнэры з гектару, летась — 129, а сёлета, калі надвор'е для бульбы лічыцца неспрыяльным, зноў чакаецца зьніжэньне ўраджайнасьці. Між тым, у эўрапейскіх краінах ураджайнасьць складае звыш 300 цэнтнэраў з гектару.

Пра пэрспэктывы сёлетняга ўраджаю бульбы гаворыць спэцыяліст аддзелу земляробства і расьлінаводзтва Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандар Ільясевіч:

(Ільясевіч: ) "У нас хапае бульбы на насеньне, на харчовыя мэты, для прамысловай перапрацоўкі і адправіць на экспарт. Але справа з экспартам ускладнілася — разрыў сувязяў, цяжкасьці з разьлікамі. Калі за савецкім часам адгружалі мільён тысяч тон, то зараз толькі 150–200 тысяч тон".

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць такое, што беларускую бульбу выцясьняюць польская, нямецкая — напрыклад, у Маскве?"

(Ільясевіч: ) "Ёсьць такое. Бо прыватнаму прадпрымальніку расейскаму лягчэй працаваць з прыватным нямецкім альбо польскім".

(Карэспандэнт: ) "Дык якая пэрспэктыва з экспартам бульбы?"

(Ільясевіч: ) "Экспарт не ад нас залежыць. Паспрабуй яшчэ даставіць туды — колькі трэба паліва спаліць. Вельмі ўжо вялікія чыгуначныя тарыфы".

Сапраўды, у межах гэтак званага саюзу Беларусі й Расеі ніякіх ільготаў для беларускай бульбы няма. Беларускі бок уносіць прапановы адмяніць мыта ды вялікія тарыфы на чыгуначныя перавозкі. Але расейцы не згаджаюцца, і беларуская бульба часта робіцца неканкурэнтнай на расейскім рынку.

Спэцыялісты Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі ня могуць дакладна прадказаць, колькі бульбы сёлета купіць Расея, бо часта гэтыя закупы праходзяць даволі стыхійна — расейскія прадпрымальнікі прыяжджаюць на грузавых машынах і купляюць бульбу ў насельніцтва і ў гаспадарак.

Адна з прычынаў таго, што беларусы саступаюць расейскі рынак немцам, галяндцам і палякам — якасьць бульбы. За апошнія гады ў Расеі, асабліва ў буйных гарадах, пазнаёміліся з эўрапейскай бульбай, расфасаванай у пакеты, чыстай, вымытай, часам нават пачышчанай. На пакеце пазначаны гатунак, тып мякаці, іншыя характарыстыкі.

Спажывецкія патрабаваньні расейцаў такім чынам істотна ўзрасьлі, і цяпер ужо нікому не патрэбная брудная бульба ў вагонах. А якасьць беларускай бульбы ўсё больш адстае ад такіх патрабаваньняў. Адзін з самых яркіх прыкладаў — беларускі "Макдональдз", які гатуе сваю "бульбу фры" з галяндзкай сыравіны. За 5 гадоў працы ў Беларусі гэтага рэстарану ў краіне так і не ўдалося вырасьціць бульбу, якая б задавальняла "Макдональдз" паводле ўсіх патрабаваньняў і стандартаў.

XS
SM
MD
LG