Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫГІРОЎ – РАБУЮЦЬ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дом Чыгіра-малодшага месьціцца ў пасёлку Тарасава пад Менскам. Дом недабудаваны. Аляксандар, паводле Чыгіроў, усе свае прыбыткі ўкладаў у гэтую будоўлю, маючы намер калісьці перабрацца туды зь сям'ёй. Апошняе, што пасьпеў зрабіць, — ацяпляльную сыстэму.

Але на пачатку году Аляксандра Чыгіра арыштавалі, западозрыўшы ва ўдзеле ў крадзяжы аўтамабіляў. Міліцыянты з Маскоўскага райаддзелу, якія праводзілі ператрус, каб зайсьці ў дом Чыгіра, папросту зрэзалі замкі, а потым пакінулі дзьверы фактычна не зачыненымі. Цяпер высьветлілася, што з дому зьніклі будаўнічыя матэрыялы і шмат іншых рэчаў.

Чыгіры ацэньваюць скрадзенае на 10 тысячаў даляраў. Яны лічаць вінаватымі ў тым, што адбылося, таксама і міліцыянтаў, бо тыя нічога не зрабілі, каб забясьпечыць захаванасьць маёмасьці.

(Юлія Чыгір: ) "Калі быў праведзены ператрус, дом не зачынілі. Мы напісалі афіцыйную заяву на імя сьледчага — сьледчы ніяк на яе не адрэагаваў. Потым напісалі скаргу ў пракуратуру. Цяпер паведамілі ў сельскі савет, паінфармавалі сьледчага, што пойдзем у дом — і пайшлі. Пасьля наведваньня дома склалі акт, зьнялі ўсё на відэакамэру. А ў доме даведаліся, што скралі ня толькі будаўнічыя матэрыялы, але зрэзалі і ўсю ацяпляльную сыстэму, якая была там змантажаваная".

Паводле Юліі Чыгір, пры жаданьні магчыма высьветліць, хто пагаспадарыў у доме ейнага сына. Такое выкраданьне патрабавала шмат часу й працы, і яго не маглі не заўважыць жыхары пасёлку Тарасава.

Але самі міліцыянты, мяркуе Юлія Чыгір, не зацікаўленыя высьвятляць праўду. Таму яна зьвярнулася з заявай у рэспубліканскую пракуратуру. "Я не выключаю, што гэтыя справы зьвязаныя. Не маглі сьледчыя ня ведаць, да чаго прывядзе іхная нядбайнасьць. Атрымліваецца, чым далей Аляксандра трымаюць за кратамі, тым больш нехта на гэтым зарабляе", — заявіла нашаму радыё Юлія Чыгір.

Нагадаю, сына экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра затрымалі яшчэ ў лютым. У ліпені справу Аляксандра Чыгіра перадалі ў суд, але справа на разгляд не трапіла — яе вярнулі на дадатковае расьсьледаваньне. Заўтра сканчаецца чарговы, ужо трэці па ліку двухмесячны тэрмін утрыманьня Аляксандра Чыгіра пад вартай. Беларуская апазыцыя лічыць, што перасьлед Чыгіра-малодшага выкліканы палітычнай дзейнасьцю былога прэм'ера Міхаіла Чыгіра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG