Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ДЗЯРЖАЎНЫЯ СТРУКТУРЫ НЕ ГАТОВЫЯ ДА МАГЧЫМАЙ ПЛЫНІ ЎЦЕКАЧОЎ З АЎГАНІСТАНУ


Ігар Карней, Менск

Паводле інфармацыі ўправы ў справах уцекачоў Камітэту міграцыі, афіцыйна статус уцекачоў у Беларусі маюць 600 чалавек. Пры гэтым абсалютную большасьць складаюць выхадцы з Аўганістану: паводле апошніх зьвестак, аўганцаў у Беларусі 456 чалавек.

Незалежныя спэцыялісты лічаць, што гэтая афіцыйная лічба значна заніжаная. Многія нелегалы зусім не імкнуцца рэгістравацца ў дзяржаўных органах. Да таго ж, не сакрэт, якую ролю ў мусульманскім сьвеце мае так званая тэйпавасьць — своеасаблівая адданасьць сваяцкаму клану. Дастаткова аднаму з прадстаўнікоў тэйпу трапіць у іншую краіну, як паціху туды цягнуцца ўсе астатнія.

Супрацоўніца Беларускага аддзяленьня таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Марцьянава сутыкаецца з уцекачамі штодня. І ейны прагноз на блізкую пэрспэктыву несуцяшальны. Беларускія дзяржаўныя органы ня маюць сродкаў, каб вяртаць нелегалаў назад, і тым болей утрымліваць іх на сваёй тэрыторыі.

(Марцьянава: ) "Лічбы тычацца тых, хто атрымаў легальны статус. Колькі ў Беларусі нелегалаў — ніхто ня ведае, таму што цягнуць усіх сваякоў, едуць вялікімі сем'ямі. Пры гэтым практычна 99% прыяжджаюць з намерам трапіць у Заходнюю Эўропу. На мінулым тыдні, прыкладам, 23 аўганцы зноў спрабавалі перасячы мяжу, але іх "вылічылі" памежнікі.

Прагноз наконт новага масавага прытоку ўцекачоў зрабіць лёгка. Людзі будуць уцякаць ад бомбаў. Адзінае выратаваньне — закрыць межы ў Сярэдняй Азіі, але гэтак наўрад ці адбудзецца. Усё сьведчыць на тое, што трэба быць гатовымі да ўсяго".

Аўганцу Нішану Махамэду ў нейкім сэнсе пашанцавала. Пасьля заканчэньня Вайскова-палітычнай акадэміі ён на законных падставах застаўся жыць у Беларусі. Працуе перакладчыкам. Ніводнага разу цягам апошніх 10 гадоў на радзіме ня быў. На поўначы Аўганістану дагэтуль жывуць тры ягоныя браты зь сем'ямі. Зараз ён пільна сочыць за вымушанай міграцыяй сваіх землякоў.

(Махамэд: ) "Уцекачы, якія ня могуць атрымаць статусу ўцекачоў у Рэспубліцы Беларусь, імкнуцца зьехаць за мяжу. Камусьці гэта ўдаецца, камусьці не — усё тут зразумела..."

Я пацікавіўся, у якім кірунку рэальна адкрытыя сёньня межы для аўганскіх уцекачоў.

(Махамэд: ) "Зараз уцекачы афіцыйна могуць трапіць у Пакістан. Апроч таго, відавочна, у Таджыкістан. Ня выключана, што ў Іран таксама. Больш няма куды".

Натуральна, многіх цікавяць памеры людзкога патоку, зь якім так ці інакш прыйдзецца сутыкнуцца далёка ад межаў Аўганістану.

(Махамэд: ) "Разумееце, шмат будзе залежаць ад таго, якія правінцыі будуць абстрэльвацца. Калі гэта будуць участкі базаваньня тэрарыстаў, натуральна, з гэтых правінцыяў мірныя жыхары будуць сыходзіць.

А вось датычна тэрыторыі, падкантрольнай Паўночнаму Альянсу... Мяркую, людзі застануцца на месцы. Бо менавіта яны ледзьве ня самыя зацікаўленыя ў тым, каб як мага хутчэй прыйшоў мір".

Варта дадаць, што, апроч аўганцаў, афіцыйны статус уцекачоў маюць і прадстаўнікі іншых краінаў, якія занесеныя ў "чорны сьпіс" выведак ЗША ды краінаў Эўразьвязу. Прытулак у Беларусі цягам апошніх гадоў атрымалі дзясяткі ўцекачоў з Палестыны, Іраку, Ірану, Руанды, Лібэрыі.

XS
SM
MD
LG