Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МЕНШЧЫНЕ ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ АКТЫВІСТАЎ КАМПАНІІ ГАНЧАРЫКА


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Сёньня ў месцы Крупкі загадчык раённага аддзелу адукацыі Анатоль Зайцаў афіцыйна абвесьціў сацыяльнаму пэдагогу сярэдняй школы №1 Уладзімеру Аляхновічу, што той звольнены з працы за амаральны ўчынак, які не сумяшчаецца зь ягонай пэдагагічнай дзейнасьцю ў навучальнай установе.

Як паведаміў Радыё Свабода Ўладзімер Аляхновіч, яму інкрымінуюць тое, што месяц таму тры крупскія падлеткі зь ліку ягоных выхаванцаў былі затрыманыя міліцыяй з налепкамі "Час выбіраць" і "Час прыбіраць". Аднак сваё звальненьне ён разглядае як расправу за агітацыйную працу падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Крупках.

У гэтыя дні таксама стала беспрацоўнай Нэлі Шлойда, каардынатарка сеткі "Незалежнае назіраньне" у Маладэчне. Менскае кіраўніцтва фірмы "Юніфарм" адхіліла яе ад працы — яна загадчыца маладэчанскай аптэкі. Паводле спадарыні Шлойды, на такі ўчынак фірмачоў зь "Юніфарму" падштурхнулі абласныя выканаўчыя ўлады.

Пачаліся рэпрэсіі і супраць сяброўкі рады прадстаўніцтва Беларускага Гельсынскага камітэту Тамары Кот. Яна працуе доктаркай у санаторыі Беразіна.

(Кот: ) "Гэтымі днямі са мною правёў выхаваўчую гутарку галоўны доктар нашага санаторыя, Уладзімер Уладзімеравіч Варонін. Ён абвінаваціў мяне ў тым, што я нібыта не агледзела хворых, якія зьбіраліся галасаваць за Аляксандра Лукашэнку, выганяла іх з кабінэту і штурхала іх у плечы. Што я нібыта ў працоўны час агітавала хворых, каб тыя галасавалі супраць Лукашэнкі. Усё гэта — лухта, няпраўда. Я доктар, я давала прысягу доктара. Для мяне ўсе хворыя аднолькавыя, незалежна ад іхных палітычных поглядаў".

Як паведаміў Радыё Свабода сам Уладзімер Ганчарык, падобныя рэпрэсіі супраць ягоных памочнікаў, якія ўдзельнічалі ў правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, характэрныя ня толькі для Меншчыны, але і для астатніх рэгіёнаў Беларусі.

XS
SM
MD
LG