Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БОЛЬШ ЗА 200 ЧАЛАВЕК УЗЯЛІ ЎДЗЕЛ Ў АКЦЫІ ДА ДРУГОЙ ГАДАВАІНЫ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ГАНЧАРА І КРАСОЎСКАГА


Валер Каліноўскі, Менск

Ніхто ня выйшаў з будынку адміністрацыі А.Лукашэнкі да пікетоўцаў і сёньня, калі апазыцыя правяла насупраць рэзыдэнцыі чарговы “Ланцуг неабыякавых людзей”.

Цікавасьць да гэтай праблемы ў беларускім грамадзтве не паменела, нягледзячы на заканчэньне выбарчай кампаніі і жахлівыя тэракты ў ЗША, якія маглі б захінуць беларускія трагедыі.

Акцыя прайшла мірна, ніякіх спробаў не дапусціць яе ўдзельнікаў да адміністрацыі А. Лукашэнкі міліцыя не прадпрымала. Сярод некалькіх соцень удзельнікаў сёньняшняга “Ланцуга неабыякавых людзей”, быў заўважаны нядаўні палітвязень Валеры Шчукін, чый партрэт раней таксама трымалі разам з патрэтамі зьніклых і палітвязняў.

(Шчукін: ) “Я вельмі ўдзячны тым людзям, якія аказвалі мне дапамогу, мне было вельмі прыемна, знаходзячыся за кратамі, ведаць, што мяне падтрымліваюць людзі, гэта давала мне моц і сілы зносіць усе тыя зьдзекі, якія нада мной там тварылі,”— сказаў Валеры Шчукін.

Прыйшлі на гэты ланцуг жонка Віктара Ганчара Зінаіда, жонка і дачка Анатоля Красоўскага Ірына і Валерыя. Зінаіда Ганчар лічыць, што нядаўнія трагічныя падзеі ў ЗША ня могуць засланіць сабою ў грамадзкай сьвядомасьці беларускую трагедыю – зьнікненьне апанэнтаў А. Лукашэнкі.

(Зінаіда Ганчар: ) “Я ня думаю, што гэта заслоніць. Я вельмі спачуваю грамадзянам Амэрыкі ў сувязі зь іх трагедыяй, але Амэрыка – гэта моцная краіна, я ўпэўная, што ўрад гэтай краіны будзе клапаціцца пра людзей, якія пацярпелі, – у адрозьненьне ад нашай краіны. Праблема зьніклых абсалютна не хвалюе людзей, што сядзяць у будынку адміністрацыі,” – сказала Зінаіда Ганчар.

Ірына Красоўская зазначыла, што і пасьля выбараў тэма зьніклых ня стала меней актуальнай.

(Красоўская: ) “Можа ім здаецца, што тэма гэтая будзе меней актуальнай, але мы ім не дамо забыць пра гэта – мы, родзічы, якія хочуць ведаць пра тое, што адбылося”.

Ірына Красоўская з нагоды прызначанай на 20 верасьня інаўгурацыі А. Лукашэнкі пажадала яму:

(Красоўская: ) “Каб ён паглядзеў у вочы хаця б сваім дзецям і сваёй жонцы, магчыма, ён там што-небудзь пабачыць, калі яму абыякава, што адбываецца з намі, можа, хаця б ягоныя родзічы яму скажуць, што ня ўсё добра, што адбываецца ў нашай дзяржаве,” – сказала спадарыня Красоўская.

Праваабаронца Алег Волчак лічыць, што цяпер у выніку падобных акцыяў пра зьніклых ведае каля 30-40 адсоткаў насельніцтва. І гэтая тэма ня страціць актуальнасьць, пакуль ня зьменіцца ўлада і пакуль ня будзе атрыманы адказ, – лічыць Алег Волчак.

На сёньняшнюю акцыю прыйшло шмат модадзі – больш за палову яе ўдзельнікаў:

(Усошын: ) “Мы хочам нават пасьля выбараў, нягледзячы на тое, што Лукашэнка як быццам перамог, мы хочам ведаць праўду. Калі нават Ганчарык перамог бы, мы ўсё роўна тут стаялі б,” – сказаў удзельнік акцыі Мікалай Усошын.

Вядомы паэт Уладзімер Някляеў таксама лічыць, што няма падставы зьмяншаць увагу грамадсзва да балючай праблемы зьніклых палітыкаў.

(Някляеў: ) “Сёньня ў мяне баліць душа, па-першае, ад таго, што адбылося ў нас, як нас падманулі, а па-другое, што мы зараз стаім, патрабуем адказу, дзе гэтыя людзі, што зь імі, і зноў гэтага адказу няма. Пакуль ня будзе адказу, ніякага супакою ня будзе. Ні сумленным людзям, ні несумленным. Таму што за сьмерць людзей трэба адказваць ці адмежавацца гэтай уладзе неяк доказна, што яна ня мае да гэтага дачыненьня, ці калі гэта ўсё будзе вісець – на іх будзе вісець віна, бясконцая віна ня толькі перад людзьмі, але і перад Богам,” – сказаў паэт Уладзімер Някляеў.

XS
SM
MD
LG