Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАКІСТАН СПРАБУЕ ПЕРАКАНАЦЬ ТАЛІБАЎ ВЫДАЦЬ УСАМУ БІН ЛАДЭНА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Іслямабад спрабуе пераканаць кіраўніцтва руху Талібан выдаць міжнароднага тэрарыста Ўсаму бін Ладэна.

“Посьпех у Кандагары, – піша New York Times, – адмяніў бы правядзеньне Злучанымі Штатамі вайсковай апэрацыі, якая будзе праходзіць пры ўжываньні пакістанскіх лётнішчаў і паветранай прасторы. Што выклікала б жорсткія пратэсты прыхільнікаў бін Ладэна і Талібану ў Пакістане і нават пахіснула б уладу цяперашняга кіраўніка краіны генэрала Пэрвэза Мушарафа”.

Калі пакістанская дэлегацыя зазнае няўдачу, Пакістан мусіць быць гатовы да цэнтральнай ролі ў тым, што прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш назваў вайной. Учора дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл сказаў, што група вышэйшых афіцыйных асобаў у гэтым тыдні прыляціць у Іслямабад, каб распрацаваць пляны падтрымкі Пакістанам акцыі адплаты.

Апрача лётнішчаў і паветранай прасторы гэтая патрымка будзе складацца з тылавога забесьпячэньня, улучна з пастаўкамі паліва, а таксама разьведдадзеных.

Адзіная мяжа, якую вызначыў Пакістан, гэта тое, што пакістанскія ўзброеныя сілы ня будуць разгорнутыя побач з войскам Злучаных Штатаў, чыя прысутнасьць у краіне павінна абмяжоўвацца аддаленымі вайсковымі базамі і лётнішчамі, каб ня кідацца ў вочы.

У часе апошняга брыфінгу генэрал Мушараф даў зразумець, што за ўдзел Пакістану ў акцыі адплаты ён дамагаецца скасаваньня эканамічных санкцыяў, накладзеных Вашынгтонам пасьля таго, як у 1998 годзе краіна правяла ядзерныя выпрабаваньні і скасаваньня забароны на продаж зброі. Пакістан таксама спадзяецца, што Вашынгтон дапаможа разваленай пакістанскай эканоміцы шляхам падахвочаньня Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага Банку да супрацоўніцтва з Іслямабадам. Пакістан чакае падтрымкі з боку ЗША ў разьвязаньні інда-пакістанскага канфлікту адносна штату Кашмір.

Пакістанскае войска і паліцыя ў стане здушыць вулічныя пратэсты супраць дапамогі Злучаным Штатам, але ў разе патрэбы Мушарафа могуць скінуць з пасады ягоныя ж вайсковыя паплечнікі, – піша New York Times. Але “цяжкасьці, перад якімі будзе стаяць пакістанскі лідэр, будуць прапарцыйныя выгодам, якія ў выніку можа атрымаць краіна,” – цытуе газэта неназванага старога палітычнага дзеяча і працягвае: “Калі апэрацыя пройдзе хутка – дзеяньні Мушарафа будуць ухваленыя, калі апэрацыя зацягнецца – ён сутыкнецца з усімі магчымымі гатункамі палітычных праблемаў”.

Тым часам адкрытым застаецца пытаньне дзе канкрэтна знаходзіцца Ўсама бін Ладэн? Паводле некаторых зьвестак ён пакінуў тэрыторыю Афганістану. Паводле іншых – знаходзіцца на адной са сваіх базаў у цяжка дасяжных раёнах краіны. Напэўна менавіта адтуль ён праз спадарожнікавую тэлесувязь заявіў, што ня мае ніякага дачыненьня да тэрарыстычных актаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. “Я жыў у ісламскім Афганістане, чый лідэр забараніў мне ажыцьцяўляць такія апэрацыі,” – падае словы тэрарыста № 1 сёньняшняя New York Times.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG