Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ ДЭПУТАТУ АНДРЭЮ КЛІМАВУ ПАДАРАВАЛІ ПАДРУЧНІКІ ПАЛІТАЛЁГІІ ДЫ РЫТОРЫКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Гэткі выбар падручнікаў жонка Клімава патлумачыла тым, што Андрэй лічыць сябе прафэсійным палітыкам і надалей мае намер працягваць гэтую дзейнасьць. Кнігі яна перадала Андрэю разам з харчамі. Без харчовых пасылак, як і без "духоўнай ежы", паводле Тацяны Клімавай-Леановіч, "Андрэй у турме не пратрымаўся б" — Клімаў хворы на цукровы дыябэт, і яму патрэбнае адмысловае харчаваньне.

Дарэчы, у Беларусі зьняволены, які адбывае пакараньне ў калёніі строгага рэжыму (як Клімаў) мае права атрымаць за год 2 харчовыя пасылкі на 8 кіляграмаў і 3 бандэролі вагой 1 кіляграм . Таксама можна атрымаць грашовы перавод (да 9 мінімальных заробкаў на месяц), і на гэтыя грошы набыць харчы ў турэмнай краме.

Аднак на справе рэгулярна з волі атрымлівае пасылкі ня больш як палова вязьняў, яшчэ менш атрымліваюць грошы. Гэта тлумачыцца рознымі прычынамі, але галоўная — агульнае зьбядненьне людзей.

Спатканьняў беларускі "зэк" можа атрымаць 2 доўгія (да 3 дзён) і 2 кароткія (размова праз шкло) штогод. Патэлефанаваць зьняволенаму (прыкладам, каб павіншаваць з днём нараджэньня) немагчыма, аднак у некаторых турмах Беларусі пачалі практыкаваць права на званок дадому як "узнагароду" за добрыя паводзіны.

Атрыманьне лістоў і тэлеграмаў колькасна не абмежаванае, але ўсе лісты праходзяць турэмную цэнзуру, і бывае, што даходзяць да адрэсата з купюрамі. Вядома, што атрыманьне пасылак, спатканьняў і нават лістоў могуць спыніць, калі адміністрацыя надумае пакараць зьняволенага.


XS
SM
MD
LG