Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЗША МОЖА БЫЦЬ СКАСАВАНАЯ ЗАБАРОНА НА ЎДЗЕЛ СПЭЦСЛУЖБАЎ У ЗАМЕЖНЫХ ПАЛІТЫЧНЫХ ЗАБОЙСТВАХ


Сяргей Шупа, Прага

Плянуецца таксама аслабіць некаторыя абмежаваньні на выведную дзейнасьць Фэдэральнага Бюро Расьсьледаваньняў. Усе гэтыя захады рыхтуюцца ў рамках распачатай барацьбы з тэрарызмам пасьля трагічных падзеяў мінулага тыдня. Гэтай тэме прысьвечаны артыкул у сёньняшнім нумары газэты The Washington Post.

Міністэрства юстыцыі Злучаных Штатаў плянуе на гэтым тыдні паслаць у Кангрэс цэлы пакет прапановаў, у тым ліку аб шырэйшых правах праваахоўных ворганаў на падслухоўваньне, затрыманьне замежнікаў і сачэньне за адмываньнем грошай.

Кіраўнік міністэрства генэральны пракурор Злучаных Штатаў Джон Эшкрафт сказаў на адмысловым брыфінгу для заканадаўцаў, што амэрыканскае заканадаўства дае значна больш магчымасьцяў для барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і нелегальным гульнёвым бізнэсам, чым для змаганьня з тэрарызмам.

Віцэ-прэзыдэнт Дык Чэйні паведаміў, што апэрацыйным службоўцам ЦРУ, магчыма, будзе дазволена наймаць і аплочваць агентаў, зьвязаных зь дзейнасьцю тэрарыстычных групаў і парушэньнямі правоў чалавека. Гэта чеабходна для пранікненьня ў падазроныя тэрарыстычныя сеткі.

«Калі вы зьбіраецеся працаваць з афіцыйна праверанымі і ўхваленымі добрымі хлопцамі, вы ніколі не даведаецеся што рыхтуюць дрэнныя хлопцы», - сказаў Чэйні, выступаючы ў тэлепраграме «Сустрэча з прэсай» на канале NBC, і патлумачыў: «Там робяцца гнюсныя, небясьпечныя, брудныя справы, і мы мусім працаваць у тым асяродзьдзі».

Старшыня сэнацкага камітэту ў справах выведкі Боб Грэхэм падрыхтаваў пакет антытэрарыстычных прапановаў, якія ўлучаюць увядзеньне ў Белым Доме пасады ўпаўнаважанага ў барацьбе з тэрарызмам з шырокімі паўнамоцтвамі, надзяленьне ЦРУ большымі правамі ў вэрбаваньні г. зв. агентаў сумнеўнай рэпутацыі, а таксама пашырэньне магчымасьцяў спэцслужбаў у перакладзе перахопленай інфармацыі на арабскай, пэрсідзкай ды іншых мовах, ужываных у тэрарыстычных колах.

XS
SM
MD
LG