Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ АВІЯСЛУЖБЫ ЗАЯЎЛЯЮЦЬ, ШТО ПРАЦУЮЦЬ У ЗВЫЧАЙНЫМ РЭЖЫМЕ


Ігар Карней, Менск

Істотным адрозьненьнем ад ранейшага рэжыму працы ў неперагружаным аэрапорце "Менск-2" можна лічыць хіба што больш пільны кантроль багажу пасажыраў. Аднак адзін з супрацоўнікаў мытнай службы распавёў, што ніякіх надзвычайных здарэньняў на мінулым тыдні не зафіксавалі.

(Супрацоўнік аэрапорту: ) "У нас усе пасажыры ідуць праз кантроль і мэталашукальнік. У аэрапорце заўсёды дзейнічае жорсткі рэжым агляду. Калі хто перавозіць нажы альбо іншую халодную зброю, мусіць усё гэта здаць экіпажу ці міліцыі".

Адносны спакой, зрэшты, супрацоўнік аэрапорту патлумачыў тым, што пасьля трагедыі ў ЗША колькасьць ахвотных выкарыстаць паветраны транспарт рэзка зьнізілася. Да таго ж практычна скончыўся турыстычны сэзон, а менавіта чартэрныя рэйсы даюць асноўныя ўнёскі ў бюджэт як "Белавія", так і ў скарбонку самога аэрапорту.

Што тычыцца пытаньня, як трапіць у Злучаныя Штаты Амэрыкі, то ў інфармацыйнай службе аэрапорту "Менск-2" мне адказалі проста: "Па-ранейшаму". Гэта значыць, найперш карыстаючыся паслугамі авіякампаніі "Белавія". Праўда, самалёт да ірляндзкага Шанону ляціць толькі раз на тыдзень — па серадах. Адтуль трэба дабірацца самалётамі мясцовага фармаваньня, альбо транскантынэнтальнымі, якія прызямляюцца на дазапраўку.

Але такі шлях даволі марудны, і некаторыя падарожнікі яшчэ раней пераарыентаваліся на Расею ці Польшчу. З Масквы і Варшавы ёсьць наўпроставыя рэйсы да шэрагу амэрыканскіх гарадоў, ды й самалёты адтуль ляцяць непараўнана больш камфартабэльныя, чым звыклыя Ту-154.

Зараз абмежаваньняў у палётах практычна няма. Пасьля часовай адмены рэйсаў у ЗША амэрыканскія ўлады аднавілі большасьць міжнародных паветраных зносінаў з Эўропай. Прыкладам, з маскоўскіх аэравакзалаў на Злучаныя Штаты можна выляцець тройчы на дзень — і трапіць пры наяўнасьці візы й квітка на іншы бераг акіяна вельмі лёгка.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG