Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФІНАНСАВАНЬНЕ СЬВЕТЛАГОРСКАЙ ФІЛІІ БЕЛАРУСКАГА ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЮ СПЫНЕНАЕ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Загад пра спыненьне фінансаваньня беларускамоўнага ліцэю з 17 верасьня падпісала кіраўніца аддзелу адукацыі гарвыканкаму Галіна Філіповіч яшчэ 10 дзён таму. На знак пратэсту ўвесь мінулы тыдзень ліцэісты і выкладчыкі пікетавалі ўранку і ўвечары будынак гарвыканкаму, аднак гарадзкія ўлады так і не прынялі станоўчага рашэньня адносна Гуманітарнага ліцэю.

Гарвыканкам быў заняты шырокамаштабным шоў — сьвяткаваньнем 40-х угодкаў утварэньня Сьветлагорску на месцы паселішча Шацілкі. Месца для ліцэю ў гэтых клопатах не знайшлося. Таму сёньня ўранку яшчэ да заняткаў навучэнцы ліцэю аднавілі пікетаваньне гарвыканкаму, а ў належны час селі за парты.

Распавядае дырэктар ліцэю Тэльман Масьлюкоў:

(Масьлюкоў: ) "Фінансаваньне прыпынілі, але выкладчыкі працягваюць працаваць са спадзевам на тое, што ўсё-такі вырашыцца пытаньне на нашу карысьць. Заява бацькоў накіраваная была ў Міністэрства адукацыі, таксама быў накіраваны ліст старшыні Гомельскага аблвыканкаму спадару Якабсону. У суботу ад імя калектыву работнікаў накіравалі заяву спадарыні Філіповіч з патрабаваньнем правесьці калектыўныя перамовы".

Перамовы калектыву выкладчыкаў з аддзелам адукацыі як наймальнікам павінны прайсьці паводле Працоўнага заканадаўства ў сямідзённы тэрмін. Але ўжо сёньня пасьля заняткаў ліцэісты выйшлі пікетаваць аддзел адукацыі. У горадзе распачалі збор подпісаў за захаваньне ліцэю як адзінай установы зь беларускамоўным навучаньнем.

На імя старшыні гарвыканкаму спадара Пірштука даслалі таксама ліст з Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук. З гэтым інстытутам ліцэй кожнае лета цягам чатырох апошніх гадоў праводзіць археалягічныя раскопкі. У іх бяруць удзел студэнты з Бэльгіі, Нямеччыны, Італіі, Швэцыі ды іншых краінаў, што спрыяе і лінгвістычнай падрыхтоўцы навучэнцаў ліцэю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG