Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП НЯ МАЕ НАМЕРУ СПЫНЯЦЬ КАМПАНІЮ “ХОЧАМ ВЕДАЦЬ ПРАЎДУ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сёньня правёў прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой падсумаваў прамежкавыя вынікі кампаніі "Хочам ведаць праўду!", пачатую ў траўні сёлета, а таксама распавёў пра стратэгію й тактыку сваёй партыі на будучыню.

Лідэр АГП вырашыў падсумаваць вынікі 17 верасьня, бо гэты дзень, на ягоную думку, знакавы. Сёньня дзень народзінаў Генадзя Карпенкі й Андрэя Клімава, і менавіта ў ноч з 16 на 17 верасьня два гады таму зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі.

Паводле Анатоля Лябедзькі, за тры з паловай месяцы ад пачатку кампаніі "Хочам ведаць праўду!" у ёй узялі ўдзел 3700 чалавек у 35 рэгіёнах Беларусі і ў шэрагу эўрапейскіх гарадоў. За ўдзел у гэтых акцыях 80 чалавек былі затрыманыя, правялі сотні гадзінаў у пастарунках, былі аштрафаваныя і г.д.

Галоўнай задачай кампаніі было інфармаваньне насельніцтва пра лёсы зьніклых, і гэтай мэты арганізатары дасягнулі. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "У траўні былі праведзеныя сацыялягічныя апытаньні, зь якіх высьветлілася, што больш за палову насельніцтва краіны наогул не валодае ніякай інфармацыяй пра тое, што ў Беларусі зьнікаюць апанэнты рэжыму. Грамадзтва ня ведае, што людзі за свае палітычныя погляды сядзяць у турме.

Сёньня мы можам сказаць, што сытуацыя значна выпраўленая. Я мяркую, што і кампанія "Хочам ведаць праўду!" не была безвыніковая — сёньня толькі каля 20% людзей нічога ня ведае пра палітычныя забойствы".

На думку Анатоля Лябедзькі, асабліва плённым у справе інфармаваньня людзей быў распаўсюд больш як мільёна асобнікаў спэцвыпуску газэты "Народная воля" і сустрэчы жыхароў Беларусі з роднымі зьніклых.

Паводле Анатоля Лябедзькі, акцыя "Хочам ведаць праўду!" будзе працягвацца да таго часу, пакуль улады не дадуць грамадзкасьці адказу на пытаньне — што ж здарылася з Ганчаром, Красоўскім, Захаранкам і Завадзкім.

Неўзабаве акцыі пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Пра зьніклых у Беларусі людзей прадстаўнікі апазыцыі будуць гаварыць у канцы верасьня на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу і на пачатку кастрычніка ў Лісабоне на паседжаньні Сталага камітэту ПА АБСЭ.

Беларускія апазыцыянэры таксама нагадаюць эўрапейскім парлямэнтарам пра падазроныя кантакты Аляксандра Лукашэнкі з уладамі Лібіі, якія падтрымліваюць міжнародных тэрарыстаў.

Анатоль Лябедзька таксама паведаміў, што цяпер ён і ягоныя калегі намагаюцца, каб справы зьніклых у Беларусі разгледзеў Эўрапейскі суд у правох чалавека. Лідэр АГП таксама не выключае, што будзе праведзены грамадзкі працэс у справе зьніклых і ў Беларусі.

Лідэр АГП лічыць, што галоўнай памылкай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі было запозьненае вылучэньне адзінага кандыдата. Стратэгія на саюз дэмакратаў і намэнклятуры была слушнай, але ролю самой намэнклятуры апазыцыя пераацаніла. Таму цяпер актывісты АГП будуць актыўна працаваць у рэгіёнах, а шырокая грамадзянская кааліцыя павінна ператварыцца ў мягкую кансультацыйную структуру. Анатоль Лябедзька працягвае:

(Лябедзька: ) "Усё вяртаецца да ранейшага стану. Мы праехалі прыпынак, які завецца "прэзыдэнцкія выбары". Мы лічым, што гэта былі ня выбары, а жорсткая палітычная кампанія бяз правілаў. Але на цяперашнім этапе мы не зьвязаныя ніякімі палітычнымі абавязкамі й пагадненьнямі ні з часткай намэнклятуры, ні зь нейкімі іншымі суб'ектамі, таму на сёньняшні дзень я не сьпяшаюся фармаваць адносіны АГП да фармату шырокай грамадзянскай кааліцыі".

Паводле Лябедзькі, АГП будзе актыўна бараніць сваіх сяброў, а таксама актывістаў няўрадавых арганізацыяў у рэгіёнах, якія ўжо зазналі рэпрэсіі з боку ўладаў за падтрымку на выбарах Уладзімера Ганчарыка. Анатоль Лябедзька таксама сказаў, што аб'яднаная апазыцыя хутчэй за ўсё правядзе акцыю пратэсту ў Менску 20 верасьня — у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG