Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ ПОЙДУЦЬ ЗАХОДНІЯ АМБАСАДАРЫ Ў МЕНСКУ НА ЛУКАШЭНКАВУ ІНАЎГУРАЦЫЮ 20 ВЕРАСЬНЯ?


Юры Сьвірко, Менск

На 20 верасьня прызначаная цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Канстытуцыі 1996 году, "прэзыдэнт заступае на пасаду пасьля прынясеньня прысягі" і не пазьней як праз два месяцы пасьля выбараў.

Гэткім чынам, інаўгурацыя магла адбыцца нават на пачатку лістапада. Аднак спадар Лукашэнка сьпяшаецца й да таго ж вырашыў, што ня толькі ён мусіць прыносіць прысягу, але й яму будуць прысягаць. Упершыню вайсковыя злучэньні "паклянуцца на вернасьць беларускаму народу й прэзыдэнту", паведаміла Міністэрства абароны.

Пасьля цырымоніі інаўгурацыі ў Палацы Рэспублікі Аляксандар Лукашэнка выйдзе на Кастрычніцкую плошчу, дзе будуць пастроеныя часткі ўзброеных сілаў, Міністэрства ўнутраных справаў, Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, Камітэту дзяржаўнае бясьпекі, чыгуначных войскаў, а таксама курсанты Вайсковае акадэміі ды сувораўцы. Як плянуецца, спачатку выступіць спадар Лукашэнка, потым міністар абароны Леанід Мальцаў зачытае адрасаваны Аляксандру Лукашэнку зварот, і нарэшце ўсе вайскоўцы тройчы крыкнуць па-расейску: "Клянусь!" — пасьля чаго пройдуць урачыстым маршам.

Дарэчы, цяпер вырашаецца, на якой мове — беларускай ці расейскай — будзе зачытваць прысягу Аляксандар Лукашэнка. Скончыцца інаўгурацыя салютам.

На цырымонію 20 верасьня ў Палац Рэспублікі запрошаныя ўсе замежныя амбасадары, акрэдытаваныя ў Менску. Міністэрства замежных справаў Беларусі даслала ўсім дыпляматычным місіям ноту-запрашэньне й просіць пацьвердзіць удзел у інаўгурацыі да 19 верасьня.

Цікава, што запрашэньне прыйшло й у Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску — са стандартным: "Кіраўніку місіі", бяз прозьвішча. Аднак кіраўнік КНГ АБСЭ Ганс-Георг Вік, якога Аляксандар Лукашэнка абяцаў выкінуць зь Беларусі пасьля выбараў, усё адно на інаўгурацыю ня пойдзе — ён зьехаў у адпачынак у Нямеччыну й плянуе вярнуцца ў Менск пры канцы верасьня.

Усе заходнія амбасады ў Менску адмаўляюцца адказваць на пытаньне, ці пойдзе нехта ад іх на інаўгурацыю 20 верасьня. Амбасада ЗША дае стандартны адказ: "Без камэнтароў". Дыпляматычныя місіі краін Эўразьвязу таксама захоўваюць маўчаньне, як і прадстаўніцтвы суседніх Польшчы, Літвы й Латвіі.

Дагэтуль ніхто з кіраўнікоў дзяржаваў Эўразьвязу й асацыяваных зь ім краінаў не павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь перамогай 9 верасьня. Беларускае МЗС цяпер спадзяецца, што віншаваньні паступяць пасьля інаўгурацыі.


XS
SM
MD
LG