Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК У РАСЕІ СПРАБУЮЦЬ ВЫКАРЫСТАЦЬ ТЭРАРЫСТЫЧНУЮ АТАКУ НА ЗША?


Сяргей Шупа, Прага

Аднак некаторыя аналітыкі цьвердзяць, што Крэмль, магчыма, спрабуе выкарыстаць цяперашнюю сытуацыю на сваю палітычную карысьць. У аўторак расейскія тэлеканалы падрабязна асьвятлялі трагічныя падзеі ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне. У той самы дзень расейскія палітыкі пачалі праводзіць паралелі паміж трагедыяй у Злучаных Штатах і сваімі ўнутранымі праблемамі. Некаторыя зь іх цьвердзілі, што менавіта пагроза тэрарыстычных нападаў, накшталт тых, што адбыліся ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне, прывяла Расею да неабходнасьці распачаць у 1999 годзе другую вайну з Чэчэніяй.

Прадстаўнік прэзыдэнта Сяргей Ястржэмбскі назваў міжнародны тэрарызм сапраўдным ворагам усяго «цывілізаванага чалавецтва» і сказаў, што Расея была адной зь першых яго ахвяраў. Цяперашняя чэчэнская кампанія, дадаў ён – гэта толькі частка агульнага змаганьня зь міжнародным тэрарызмам.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, гаворачы пра падзеі ў Злучаных Штатах, сказаў, што пасьля досьведу чэчэнскага канфлікту Расея разумее тэрарызм і можа спачуваць амэрыканскаму народу ў гэты трагічны момант.

Яшчэ ў аўторак старшыня думскага камітэту замежных справаў Дзьмітры Рагозін сказаў у тэлевізійным інтэрвію, што тэрарыстычны напад на Злучаныя Штаты можа зьмяніць стаўленьне Захаду да расейскай палітыкі ў Чэчэніі. Дагэтуль Захад займаў у дачыненьні да чэчэнскага канфлікту асьцярожна-крытычную пазыцыю.

На каротім брыфінгу каля амэрыканскай амбасады ў Маскве амбасадар Злучаных Штатаў Александар Вэршбаў заявіў, што ягоная краіна заўсёды прызнавала пагрозу міжнароднага тэрарызму адным з фактараў у расейска-чэчэнскім канфлікце. Аднак, зазначыў амбасадар, расейскі падыход да рашэньня гэтай праблемы нельга назваць слушным.

Шмат якія расейскія палітыкі, нават тыя, хто раней займаў у чэчэнскім пытаньні памяркоўную пазыцыю, пасьля падзеяў гэтага тыдня ператварыліся ў ястрабаў. Лідэр Саюзу Правых Сілаў Барыс Нямцоў, які раней заклікаў да палітычнага рашэньня канфлікту, зьмяніў сваю пазыцыю на супрацьлеглую, заявіўшы, што перамовы ўжо ня маюць сэнсу. У нядаўнім інтэрвію газэце «Маскоўскі Камсамолец» Нямцоў заявіў: «Пакуль што трэба адмовіцца ад самога тэрміну «перамовы». Усе перамовы цяпер трэба весьці на мове аўтаматаў Калашнікава. Нам трэба засяродзіцца на зьнішчэньні бандаў. Або мы зьнішчым тэрарыстаў, або яны аднойчы апынуцца ў Крамлі».

Маскоўскі палітоляг Андрэй Пянткоўскі лічыць, што пасьля тэрарыстычных актаў у Злучаных Штатаў чэчэнская вайна набярэ новыя абароты. На ягоную думку, Пуцін выкарыстае гэтыя падзеі, каб апраўдаць сваю жорсткую палітыку ў Чэчэніі.

Застаецца толькі прасачыць за тым, ці зьменіцца стаўленьне Захаду да расейскай палітыкі на Паўночным Каўказе. На гэтым тыдні Чэчэнскую Рэспубліку мелася наведаць парлямэнцкая дэлегацыя Рады Эўропы, аднак у сувязі з апошнімі падзеямі гэты візыт быў адменены. Дэлегацыя пад кіраўніцтва Фрэнка Джада сустрэлася ў Маскве з расейскімі палітыкамі. Па выніках перамоваў Джад зазначыў, што шмат хто з расейскіх палітыкаў усё яшчэ выступае за палітычнае вырашэньне праблемы і Рада Эўропы абавязаныя падтрымаць гэткую пазыцыю. Дарэчы, чэчэнскае пытаньне будзе абмяркоўвацца на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі, якая зьбярэцца ў канцы гэтага месяца ў Страсбуры.

Тым часам чэчэнскае пытаньне зьвязваецца з трагічнымі падзеямі ў Злучаных Штатах і зь іншых нагодаў. Так, галоўны ваенны камэндант Чэчэніі Сяргей Кізюм паведаміў у тэлевізіі, што чэчэнскія ваяўнікі віталі стрэламі ў паветра тэрарыстычныя напады на Злучаныя Штаты. Тым часам адзін чэчэнскі інтэрнэтны сайт апублікаваў ліст Аслана Масхадава, дзе той выказаў спачуваньні амэрыканскаму народу. У лісьце гаворыцца: «Амэрыканцы ­ нашая адзіная надзея на будучыню і адзіная надзея на мір на нашай прасякнутай крывёю зямлі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG